Прах камандзіра эскадрыльлі 303. прыбыў у Польшчу
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
13.05.2014 17:02
Заўтра ўрны з прахам палкоўніка Краснадэмбскага й яго жонкі будуць пахаваныя на Павонзках.
pl.wikipedia.org
Урны з прахам першага камандзіра легендарнай эскадрыльлі 303-ы часоў Другой сусьветнай вайны, палкоўніка Зьдзіслава Краснадэмбскага й яго жонкі Ванды, якая ў Арміі Краёвай займалася сувязьзю, былі прывезеныя ў краіну.
Урачыстае прывітаньне адбылося сёньня ў вайсковай частцы варшаўскага аэрапорта „Акэнце”.
Заўтра апоўдні ў варшаўскай палявой катэдры Войска Польскага адбудзецца паніхіда, пасьля якой урны будуць пахаваныя на вайсковых могілках „Павонзкі”.
Палкоўнік Краснадэмбскі ваяваў у абарончай вайне Польшчы ў 1939 годзе. Пасьля капітуляцыі ён зьбег у Францыю, а затым быў эвакуяваны ў Вялікабрытанію, дзе камандаваў легендарнай польскай эскадрыльлю 303-ы падчас бітвы за Брытанію.
Гэта была адна зь лепшых эскадрыльляў саюзьнікаў у Другой сусьветнай вайне. Па ініцыятыве палкоўніка Краснадэмбскага, на баках самалётаў, якімі лёталі палякі, былі намаляваныя шахматныя дошкі - сымбаль польскай ваеннай авіяцыі.
6 верасьня 1940 году самалёт Зьдзіслава Краснодэмбскага быў зьбіты, а ён сам з сур’ёзнымі апёкамі, дастаўлены ў бальніцу. У шпіталі Галоўнакамандуючы польскай арміі, генэрал Уладыслаў Сікорскі адзначыў палкоўніка Ордэнам Virtuti Militari. Пасьля рэабілітацыі палкоўнік не прымаў ужо актыўнага ўдзелу ў паветраных баях, але служыў у наземным пэрсанале.
У канцы вайны ён камандаваў Школай польскіх лётчыкаў у Ньютан. Палкоўнік Краснадэмбскі памёр у 1980 годзе ў Таронта, дзе й быў пахаваны.
У 2009 годзе, тагачасны прэзыдэнт Лех Качыньскі пасьмяротна адзначыў яго Ордэнам адраджэньня Польшчы.
аз