Logo Polskiego Radia
Print

Стажыроўка – спосаб на добры старт на рынку працы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 22.04.2014 13:25
Без стажыроўкі знайсьці працу ў Польшчы вельмі цяжка.
flickr.com

Высокі ўзровень беспрацоўя прычыняецца да таго, што многіх маладых людзей яшчэ на пачатку прафэсійнай кар’еры сустракае вялікае расчараваньне.

Паводле экспэртаў, у значна лепшай сытуацыі тыя, хто яшчэ падчас вучобы ўдзельнічаў у стажыроўках і практыках.

Паводле Катажыны Кежкоўскай, дырэктара па чалавечых рэсурсах у энэргетычнай кампаніі „Dalkia Warszawa”, добрая стажыроўка гарантуе лягчэйшы старт на рынку працы.

Катажына Кежкоўска: На жаль, адукацыйная сыстэма ў Польшчы засяроджваецца, галоўным чынам, на тэорыі. Яна прапануе мала практычных заняткаў ды ня ладзіць кантактаў з працадаўцамі. Нашай фірме ўдалося дамовіцца зь дзяржаўнай школай і стварыць факультэт для электрыкаў, якія навучаюцца паводле кансультаванай з намі праграмы. Гэта важны досьвед. У той час, калі польскія ВНУ яшчэ няйкім чынам заахвочваюць студэнтаў праходзіць стажыроўкі, то сярэднія школы амаль зусім не бяруць гэтага пад увагу.

Бяз досведу або стажыроўкі працаўладкавацца асабліва ў буйной, прэстыжнай кампаніі практычна немагчыма, падкрэсьлівае Катажына Кежкоўска.

Катажына Кежкоўска: Мы – працадаўцы шукаем працаўнікоў, у якіх ёсьць досьвед. Таму сярод некалькіх дзясяткаў CV мы шукаем тых, якія выконваюць нашыя спадзяваньні ў найбольшай ступені. Таму стажыроўка для кандыдатаў аказваецца вельмі важнай.

Дасьледаваньні, праведзеныя Польскай асацыяцыяй кіраваньня чалавечымі рэсурсамі паказваюць, што ў цяперашні час толькі 20% студэнтаў падчас вучобы стараецца атрымаць таксама досьвед, неабходны, каб пазьней знайсьці працу.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт