Logo Polskiego Radia
Print

Цяжка быць бяздомным сабакам...

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.08.2013 10:00
У прытулках для жывёлаў памірае ў выніку дрэнных умоваў кожны чацьвёрты зьвер.

Два гады таму польскі парлямэнт прыняў закон, які павінен быў палепшыць умовы жыцьця бяздомных жывёлаў, якіх раней часта проста ўсыплялі. На жаль, з таго часу няшмат зьмянілася. Паводле апошняй справаздачы Вышэйшай кантрольнай палаты, у прытулках для жывёлаў памірае ў выніку цяжкіх умоваў кожны чацьвёрты зьвер.

Раней была такая практыка, што самакіраваньні заключалі дамовы зь гіцлямі на адлаўліваньне бяздомных сабакаў і катоў. За кожнага зьвера ўлады плацілі ад некалькіх соцен злотых да нават паўтары тысячы. Гіцлі жывёл лавілі, а пазьней яны зьнікалі, часьцей за ўсё іх проста забівалі. Не было сыстэмы нагляду за колькасьцю жывёлаў у прытулках для жывёлаў. Новы закон зьмяніў правілы гульні – самаўрады не маглі плаціць гіцлям, калі на іх тэрыторыі не было месца ў прытулку для жывёлаў. Гміны павінны былі таксама кантраляваць прытулкі. Ці нешта зьмянілася ў лепшы бок? Вышэйшая кантрольная палата ў сваёй апошняй справаздачы піша, што гміны не спраўляюцца з апекай над бяздомнымі жывёламі. Кантралёры наведалі 18 гмінаў і 19 прытулкаў для зьвяроў па ўсёй Польшчы. І нэгатыўна ацанілі ўмовы, у якіх прабываюць там сабакі і каты, - гаворыць Войцех Пшывечэрскі, прадстаўнік Вышэйшай кантрольнай палаты з Ольштына.

В. Пшывечэрскі: Дзіравыя перагародкі паміж боксамі, хворыя жывёлы маглі кантактавацца са здаровымі. Сабакаў надта вялікая колькасьць, не хапае будак, яны мёрзнуць зімою. У боксах няма адпаведных умоваў, цёплай подсьцілкі. Сабакі не заўсёды таксама могуць выходзіць на прагулку.

З меркаваньнем кантралёраў Вышэйшай кантрольнай палаты не згаджаецца Гражына Дваракоўска, уладальніца прытулку для жывёлаў у мясцовасьці Радысы.

Г. Дваракоўска: У нас ёсьць будкі, ёсьць месца для прагулкі, асобна трымаем хворых сабакаў і здаровых, асобна жывуць агрэсіўныя жывёлы ды сукі з малымі шчанюкамі. А падлога ў боксах цьвёрдая, з гравіем.

Прытулкі для жывёлаў зьвяртаюцца да гмінаў па большыя фінансавыя сродкі. Тое, што яны атрымліваюць ад уладаў, часта не хапае на элемэнтарную дзейнасьць, таму часьцяком працуюць валянтэры, а грошы даюць прыватныя спонсары. Згодна рашэньню вэтэрынарнай інспэкцыі, прытулак у Юзэфаве пад Варшавай быў зачынены. Ён ня можа прымаць новых зьвяроў. Паводле словаў дырэктара прытулку Бажэны Райчак, прычынай стала тое, што прытулак прымаў жывёл ад гміны, з якой не было дамовы.

Б. Райчак: Мяне зьвінавацілі ў тым, што калі я прымаю зьвяроў, за якія ніхто ня плоціць, то пагаршаю стан жывёлаў, якія знаходзяцца ў прытулку, за якіх часткова плоціць гміна. Гэта няпраўда, паколькі вэтэрынарная інспэкцыя ніколі не дапамагала мне ўтрымліваць гэтых сабакаў. Жывёлаў мы ўтрымліваем толькі дзякуючы фундацыі, дарам, пастаянным спонсарам.

Бажэна Райчак адзначае, што калі б яна не прымала сабак, яны б дзесьці загінулі. А летам у прытулак прывозяць нават чатырох сабакаў кожны дзень. У прытулку знаходзіцца 250 сабакаў, грошай на іх утрыманьне не хапае катастрафічна. За ўсё прыходзіцца плаціць.

Б. Райчак: Мы плоцім за вываз сьмецьця, за электраэнэргію, за вугаль, якога ідзе шмат, паколькі кожны дзень варым ежу для сабакаў, толькі ў нядзелю яны ядуць сухі корм. Нам патрэбны сухі корм, патрэбныя кансэрвы. Купляем мяса і макароны па дзьве тоны, а гэтага хапае на кароткі час. Шмат грошай ідзе на лякарствы.

Вышэйшая кантрольная палата адзначае ў сваёй справаздачы, што самакіраваньні дрэнна выдаткоўваюць грошы на барацьбу з праблемай бяздомнасьці хатніх жывёлаў. Паводле кантралёраў, больш чым адна трэцяя ўсіх сродкаў была выдаткаваная нелегальна або халатна.

Прыняты два гады таму закон, які павінен быў палепшыць лёс бяздомных жывёлаў, парадаксальна, яшчэ больш пагоршыў сытуацыю. Павялічыўся юрыдычны хаос, са зьвярамі можна рабіць што заўгодна, выдатковаўць грошы пад выглядам апекі. Напрыклад, новая практыка – гэта адсутнасьць дамовы гміны з прытулкам, калі гіцаль мае дамову й наймае ў ім боксы. Прытулак не адказвае за лёс жывёлаў у сваіх боксах, а гіцаль фармальна выканаў дамову.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт