Logo Polskiego Radia
Print

Канец звальненьняў на заводзе „Fiat” у Тыхах

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 23.04.2013 15:30
Гэта, паводле словаў міністра эканомікі, абяцала кіраўніцтва аўтаканцэрну ў Турыне.
PAP/Andrzej Grygiel

Станоўчая навіна для працаўнікоў канцэрну „Fiat” у Польшчы. У гэтым годзе фірма не плянуе чарговых звальненьняў. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм'ер і міністар эканомікі Польшчы Януш Пехацінскі.

Міністар эканомікі не выключае таксама, што ў будучым годзе завод у Тыхах будзе выпускаць новую мадэль „Fiat 500”. Пакуль аднак, рана пра гэта гаварыць, паколькі кіраўніцтва канцэрну ў Турыне не пацьвярджае намеру ладзіць зборку новых мадэляў аўтамабіляў за мяжой.

Вядома, у сваю чаргу, што завод у Тыхах у выпадку неабходнасьці ў любы момант можа павялічыць вытворчасьць. Ня будзе таксама звальненьняў рабочых, - сказаў Януш Пехацінскі.

Януш Пехацінскі: Апрача таго, завод захавае ўстаноўленую вытворчую здольнасьць у выглядзе машынаў, што значна зьнізіць пастаянныя выдаткі. Гэта павінна дазволіць заводу перажыць цяжкі пэрыяд, ня страчваючы адначасова шанцу канкурэнтназдольнасьці ў будучыні. Паводле гарантыяў кіраўніцтва канцэрну „Fiat”, гэты складаны працэс ужо амаль закончаны. Кіраўніцтва канцэрну запэўнівае, што не прадугледжвае чарговых звальненьняў.

Паводле статыстычных дадзеных, якія прадставіў Януш Пехaціньскі, у мінулым годзе завод у Тыхах выпусьціў ня больш чым 300 тысячаў аўтамабіляў. У 2009 годзе іх было больш за 600 тысячаў. Віцэ-прэм'ер заявіў, што ўрад будзе дзейнічаць з мэтай падтрыманьня вытворчай базы ў аўтамабільнай прамысловасьці, пашырэньня рынку й зьніжэньня ўзросту транспартных сродкаў, якімі карыстаюцца палякі.

Нагадаем, у сярэдзіне сакавіка „Fiat” звольніў з працы апошнюю групу 1,5 тыс. супрацоўнікаў тыскага завода.

Пасьля рэструктурызацыі на заводзе ў Тыхах працуе каля 3,5 тысячы чалавек. Такім чынам тыскі аўтазавод зьяўляецца адным з найбуйнейшых працадаўцаў у рэгіёне ды найбуйнейшым эўрапейскім заводам канцэрну „Fiat”. Гэта таксама надалей найбуйнейшы вытворца аўтамабіляў у Польшчы.

Паводле апошніх паведамленьняў, верагодна на заводзе ў Тыхах будзе выпускацца новая мадэль гарадзкога родстэра. Новы аўтамабіль італьянцы распрацоўваюць разам з перанятым амэрыканскім канцэрнам „Chrysler”. Ауто будзе прадавацца, галоўным чынам у Эўропе пад брэндам „Lancia”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт