Logo Polskiego Radia
Print

Зьбіцьцё беларусаў хуліганамі: як гэта адбылося?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.08.2012 16:16
Арганізатары футбольнага матчу падкрэсьліваюць, што не было канфлікту на нацыянальнай глебе.

Непрыемны інцыдэнт здарыўся ў нядзелю падчас турніра на кубак Беларускага дому ў Варшаве. Прадстаўнікі беларускай дыяспары намераваліся згуляць футбольны матч на загадзя арэндаваным стадыёне. Але не пасьпелі гэтага зрабіць, паколькі напалі на іх польскія хуліганы, якія раней гулялі на гэтым полі. У выніку гульня не адбылася, затое некаторыя беларускія ўдзельнікі падзеі былі адвезеныя ў шпіталь, між іншым, са зламаным носам.

Як распавёў нам дырэктар Беларускага інфармацыйнага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк, турнір быў задуманы з мэтаю інтэграваць беларускае асяродзьдзе польскай сталіцы. Мерапрыемства было абсалютна мірным, настрой сьвяточным, прыйшлі цэлыя сем’і ,былі жанчыны, дзеткі. Беларусы павінны былі пачаць гульню апоўдні, але палякі, якія гулялі перад імі, не зьбіраліся саступаць ім, як яны казалі, “свой” стадыён. Яны былі настаўленыя агрэсіўна, абражалі беларусаў, пагражалі ім. І ўрэшце рэшт, калі арганізатары вырашылі выклікаць паліцыю, палякі ўсчынілі бойку зь беларусамі.

А. Зарэмбюк: Калі пачалі чапляць дзяўчын і дзетак, нашыя хлопцы зрабілі ім заўвагу, а рэакцыя з боку польскіх хуліганаў была неадэкватная. Яны ўвесь час лаяліся брыдкімі словамі, пасьля пачалі пагражаць, маўляў, гэта наша поле, я тут вырас, вучыўся... Мы стараліся не зьвяртаць на гэта ўвагі, дачакацца, калі яны скончаць гуляць. Але яны пачалі бойку. Ударылі журналіста Івана Мяжуя, пачалася патасоўка, беларусы пачалі бараніць сваіх. Даволі хутка прыехалі дзьве машыны паліцыі, але гэтыя хлопцы ўжо ўцяклі.

Арганізатары турніру не зьбіраюцца паведамляць пра інцыдэнт у беларускую амбасаду, каб афіцыйны бок ня выкарыстаў здарэньня дзеля падкрэсьленьня нэгатыўнага стаўленьня палякаў да беларусаў. На думку нашых суразмоўцаў, нельга казаць, што канфлікт узьнік на нацыянальнай глебе, хаця беларусы не хавалі сваёй нацыянальнай прыналежнасьці – прынесьлі бел-чырвона-белыя сьцягі, размаўлялі па-беларуску. Журналіст тэлеканалу Белсат Алесь Залеўскі адзначае, што бойку ўсчынілі звычайныя футбольныя хуліганы.

А. Залеўскі: Хлопцы былі на 100% перакананыя, што гэта іх футбольнае поле. Яны тут нарадзіліся, жылі, кожную нядзелю зьбіраюцца, і ня бачаць ніякіх падставаў саступаць гэтае месца, пакуль самі не нагуляюцца. Я думаю, канфлікт быў бы падобны, калі б на месцы беларусаў была іншая этнічная група, а нават калі б прыехалі палякі з іншага раёна Варшавы або іншага гораду. Але тут з аднаго боку апынуліся польскія радыкалы, а з другога – беларусы. І яны, палякі, павінны былі паказаць сваё стаўленьне да нас, беларусаў. Ня думаю, што гэта вынікае з іх ідэйных перакананьняў на тэму беларускай нацыянальнасьці.

У выніку здарэньня пацярпела некалькі беларусаў. Палітычнаму ўцекачу, каардынатару турніру Зьміцеру Бародку зламалі нос, пабілі журналіста сайта Хартыя97 Івана Мяжуя. Хуліганы забралі таксама ў беларусаў каштоўную апаратуру, у тым ліку відэакамэру. На шчасьце, удзельнікі падзеі пасьпелі зьняць іх твары, дзякуючы гэтаму паліцыя хутка затрымала чатырох псэўдазаўзятараў. Пакуль што невядома, якія афіцыйныя абвінавачваньні яны пачуюць – гаворыць прадстаўнік варшаўскай паліцыі Марыюш Мрозэк.

М. Мрозэк: Паліцыянты затрымалі чатырох мужчын, трох учора й аднаго сёньня. Пакуль што нельга казаць пра афіцыйныя закіды, ідзе расьледваньне здарэньня. А сьледзтва датычыць разбойнага нападзеньня й удзелу ў бойцы.

Марыюш Мрозэк адзначыў, што паліцыя хутка прыехала па выкліку, дзякуючы чаму не было больш сур’ёзных цялесных пашкоджаньняў ахвяраў нападзеньня, а ў будучыні варта выклікаць паліцыйны патруль пры самых дробных праявах варожасьці ў падобных выпадках.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт