Лукашэнка-малодшы ў Катары
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
09.03.2012 15:43
Віктар Лукашэнка сустрэўся з эмірам Хамадам бэн Халіфам Аль Тані.
У Катар Віктар Лукашэнка паляцеў для абмеркаваньня пытаньня паставак газу ў Беларусь.
Катар валодае трэцімі па памерах запасамі газу ў сьвеце пасьля Ірану ды Расеі. Беларускія ўлады даўно выказвалі інтарэс да дывэрсіфікацыі паставак газу.
Афіцыйны Менск ужо пачаў рэалізацыю падобных праектаў у нафтавай галіне, наладзіўшы пастаўкі сыравіны з Азэрбайджану ды Вэнэсуэлы.
У 2011 годзе стала вядома, што беларускі ўрад вядзе перамовы зь Летувой наконт будаўніцтва тэрміналу па прыёме звадкаванага газу ў Клайпэдзе. Магчыма тудой і пойдзе катарскі газ.
Апроч энэргетычных справаў, абмяркоўваліся пытаньні катарскіх інвэстыцыіў у Беларусі, паведамляе расейскае агенства «Рэгнум». Як вядома, Аляксандар Лукашэнка загадаў выдзяліць для катарскіх бізнэсоўцаў у Беларусі зоны зь ільготным рэжымам для дзейнасьці фінансавых ды банкаўскіх цэнтраў, у тым ліку ісламскіх структураў.
Менавіта Віктару Лукашэнку даручана каардынаваць працы па выдзяленьні катарскаму боку зямельных надзелаў у Беларусі. Разам зь Віктарам Лукашэнкам ў Катары знаходзіцца намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік. Ён сустракаўся зь міністрам энэргетыкі ды прамысловасьці Катару.
У гэты ж час з афіцыйным візытам у Менск прыляцеў міністар замежных справаў Ірану.
юл