Фрыстайліст ня можа ўзнавіцца ад траўмы ўжо 5 гадоў
PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz
16.02.2012 09:34
Дзьмітры Рак атрымаў цяжкую траўму 10 снежня 2006 году.
Некалі вядомы беларускі фрыстайліст Дзьмітры Рак ня можа ўзнавіцца ад траўмы ўжо болей за 5 гадоў. Чыноўнікі ўжо даўно не дапамагаюць фінансава. Грошы на лекаваньне Рака дапамагаюць зьбіраць звычайныя спартоўцы.
На этапе Кубку сьвету па фрыстайле ў Кітаі беларускі спартовец няўдала прызямліўся й стукнуўся галавою. Гэтыя жахлівыя кадры паказалі, відаць, усе інфармацыйныя агенцыі сьвету.
Падняўшыся пасьля прызямленьня, Дзьмітры празь некалькі хвілін адчуваў сябе вельмі дрэнна. Кітайскія ўрачы канстатавалі кровазьліцьцё ў мозг. Беларускі фрстайліст цягам некалькіх тыдняў быў у коме.
А пасьля, калі яго перавезьлі ў Беларусь, яшчэ працяглы час ня мог размаўляць і хадзіць.
Нацыянальны алімпійскі камітэт выдаткаваў на рэабілітацыю Дзьмітрыя Рака каля 10 тысяч даляраў ЗША. Але гэтых грошай аказалася вельмі мала дзеля належнага лекаваньня. А пазьней спартовыя чыноўнікі папросту забыліся пра некалі пэрспэктыўнага фрыстайліста.
Дзьмітрыю Раку дапамагалі былыя сябры па зборнай Беларусі й іншыя неабыякавыя спартоўцы.
У 2012 годзе на лекаваньне Дзьмітрыя зноўку спатрэбіліся грошы. Але афіцыйныя структуры ад аказаньня такой дапамогі адмаўляюцца.
Падтрымаць траўмаванага фрыстайліста ўзяліся беларускія гандбалісты. Так, 25 лютага ў Палацы спорту згуляюць лідары чэмпіянату Беларусі “Дынама-Менск” і “БГК імя Мяшкова”. Усе сродкі, сабраныя з квіткоў, пойдуць на рэабілітацыю Дзьмітрыя Рака.
Аляксандар Парошын