Logo Polskiego Radia
Print

"Пагоня" ў дзясятцы старажытных гербаў Эўропы

PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz 13.12.2011 13:17
Гэты беларускі герб быў замацаваны за беларускімі землямі у 1566 годзе артыкулам у Статуце ВКЛ.

Беларускі герб "Пагоня" ўваходзіць у дзясятку старажытных гербаў Эўропы. Пра гэта на адкрыцьці выставы, прысьвечанай 20-годзьдзю дзяржаўнасьці гістарычнай беларускай сымболікі сказаў старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў.

" Герб "Пагоня" вядомы з 13 стагодзьдзя; сьцяг у такім выглядзе, які ёсьць, — з 1917 году. А вытокі нашага сьцяга сягаюць у 14—16 стагодзьдзяў", — адзначыў Трусаў.

Паводле яго словаў, беларускі сьцяг бярэ пачатак з вайсковага сьцяга, які быў далёка бачны на полі бою.

Закранаючы падобнасьць беларускага й летувіскага гербаў, Алег Трусаў адзначыў, што ў аснове беларускай "Пагоні" ляжыць гатычная традыцыя, а летувісы ўзялі рэнэсансна-барочную традыцыю.

"Такім чынам гербы ніяк не супадаюць і ніякіх прэтэнзій адзін да аднаго быць ня можа", — падкрэсьліў Трусаў.

Герб "Пагоня" быў замацаваны за беларускімі землямі ў 1566 годзе адпаведным артыкулам у Статуце ВКЛ. Ён выкарыстоўваўся толькі на этнічных беларускіх землях. Гэтак званая "Летува" карысталася гербам "Мядзьведзь".

"Калі Летува была далучаная да ВКЛ, тады на шыю гэтага мядзьведзя надзелі ашыйнік. Гэты момант летувісы вельмі ня любяць згадваць", — растлумачыў гісторык-геральдыст Анатоль Цітоў.

Выставу, прысьвечаную 20-годзьдзю дзяржаўнасьці гістарычнай беларускай сымболікі падрыхтаваў вядомы беларускі філятэліст Лявон Карповіч. У экспазыцыю ўвайшлі маркі, паштоўкі й іншыя прадметы з традыцыйнай беларускай сымболікай.

кр /БелаПАН

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт