Кітайцы вывучаюць магчымасьць выкарыстаньня беларускага бярозавіку
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Natalia  Szymkowiak
                        
                        26.06.2019 15:31
                    
                                 
                
                
                    Пры гэтым кітайскаму бізнэсу неабходныя вялікія аб'ёмы бярозавага соку.
                
                
                    
                         www.pixabay.com/CC0 Creative Commons
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons
                     
                
                
                
               
                
                         Адна з найбуйнейшых кітайскіх кампаній «Nongfu Spring Co., Ltd.» вывучае магчымасьць вытворчасьці касмэтычных сродкаў з выкарыстаньнем бярозавіку, нарыхтаванага ў Беларусі – паведамляецца на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі. Пра гэта падчас сустрэчы ў міністэрстве паведаміла дырэктар дэпартамэнту закупак кампаніі Чжэн Сяохун. Паводле яе слоў, гэтыя сродкі сёньня карыстаюцца попытам ня толькі ў Кітаі, але і ў Японіі. Каб задаволіць попыт, кампанія плянуе адкрыць новы завод. Пры гэтым кітайскаму бізнэсу неабходныя вялікія аб'ёмы бярозавага соку.
Як праінфармаваў кітайскіх бізнэсмэнаў начальнік упраўленьня вытворчасьці і рэалізацыі прадукцыі Мінлясгаса Андрэй Мацкевіч, у гэтым сэзоне лясгасы нарыхтавалі звыш 17 тысяч тон карыснага напою. Яго рэалізацыя ажыцьцяўлялася як на ўнутраным, так і на зьнешнім рынках. Праўда, на экспарт бярозавы сок пастаўляўся ў бліжэйшыя краіны, паколькі гэты напой хутка губляе карысныя ўласьцівасьці.
Кіраўнік профільнага ўпраўленьня таксама адзначыў, што лясгасы ў стане сёньня нарасьціць абʼёмы нарыхтоўкі напою. Яны сёньня рэгулююцца, перш за ўсё, спажывецкім попытам. Таму лясгасы заўсёды адкрытыя да новых прапановаў, асабліва з боку замежных кампаній.