У Горках ня будзе помніка рускаму цару Пятру І
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
24.06.2019 14:47
Ва ўпраўленьні культуры Магілёўскага аблвыканкаму заявілі, што «знак устанаўліваць ня будуць».
Помнік Пятру І у Масквеwww.pixabay.com/CC0 Creative Commons
Мэмарыяльны знак расейскаму цару Пятру І плянавалі адкрыць 26 чэрвеня, у гадавіну вызваленьня Горацкага раёну ад нацыстаў, але аблвыканкам вырашыў, што парушаныя працэдуры ўзгадненьня.
Пра намер ушанаваць Пятра І стала вядома з праграмы ўрачыстасьцяў, якую апублікавала мясцовая раённая газэта «Горацкі веснік». Пасьля публікацыяў у незалежных СМІ праграму падкарэктавалі. Зь яе зьнікла адкрыцьцё памятнага знаку расейскаму цару – паведамляе Радыё Свабода.
У Горацкім райвыканкаме адмаўляюцца гаварыць пра сытуацыю з памятным знакам. Ва ўпраўленьні культуры Магілёўскага аблвыканкаму заявілі, што «знак устанаўліваць ня будуць». Кіраўнік упраўленьня Алег Стэльмашонак заявіў, што райвыканкам «не падаваў заяўкі ў адпаведнасьці з законам» на ўстаноўку знаку.
На пастамэнт непадалёк ад райвыканкаму (ён ужо гатовы) у Горках плянавалі паставіць муляж гарматы ХVІІІ стагодзьдзя і шыльду. Такім чынам хацелі адзначыць знаходжаньне Пятра І у Горках падчас Паўночнай вайны ў 1708 годзе.
Упершыню ідэя ўвекавечыць у Горках памяць пра Пятра І агучвалася ў 2015 годзе. Мясцовая газэта апублікавала ліст з такой прапановай, падпісаны былым выкладчыкам сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандрам Сенцюровым. Супраць выступіла дырэктарка гісторыка-этнаграфічнага музэю Сьвятлана Макеева. Яна заявіла, што для стварэньня памятнай дошкі Пятру І няма падставаў:
«Паўночная вайна прынесла жыхарам беларускіх зямель велізарныя страты, абвастрыла эканамічную і палітычную сытуацыю ў краіне. Гістарычныя дакумэнты сьведчаць пра марадэрства, рабаўніцтва і гвалт ня толькі швэдзкіх, а і расейскіх войскаў», — адзначала яна.