У Чавусах на працоўных месцах прымушаюць падпісацца на раённую газэту
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
21.06.2019 16:21
Адмовіцца ад «добраахвотна-прымусовай» падпіскі на дзяржаўныя газэты вельмі цяжка, бо людзі баяцца згубіць працу.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: stevepb/pixabay.com/CC0 Public Domain
Жыхар горада Чавусы разьмясьціў у сацыяльных сетках запіс, у якім выказаў свае абурэньне практыкай прымусовай падпіскі на раённую газэту «Іскра», піша ПЦ «Вясна».
«У Чавусах і Чавускім раёне на працоўных месцах зноў сталі настойліва прасіць аформіць падпіску на раённую газэту «Іскра». І не забыцца даць справаздачу, падаўшы працадаўцу квітанцыю, у доказ выкананьня. Гэта патрабаваньне прадыктавана, вядома, не клопатам аб нашай адукацыі і інфармаванасьці. Усё значна прасьцей: гэтую «прэсу», якую добраахвотна наўрад ці хто б стаў выпісваць, трэба неяк утрымліваць. Самы просты спосаб – з нашых кішэняў».
Аўтар піша, што апошнім часам кошт месячнай падпіскі на газэту «Іскра» вырас з 5,90 руб. да 6.50 руб., пры гэтым працаўнікі розных арганізацый скардзяцца на тое, што падпіску патрабуюць рабіць мінімум на 3 месяцы. Аўтар таксама дае шэраг парад, як адмовіцца ад прымусовай падпіскі.
Падчас веснавой падпісной кампаніі жыхары Чавус ужо выказвалі абурэньне існуючай у раёне практыкай прымусовай падпіскі на дзяржаўныя выданьні.
«Падпіска ажыцьцяўляецца строга добраахвотна і пад подпіс. Хто не падпісаўся – мінус прэмія. Адмовіцца немагчыма», – напісаў тады ў камэнтарах адзін з жыхароў раёна.
У Чавусах працуюць толькі дзьве прамысловыя арганізацыі – ААТ «Чавускі завод жалезабэтонных вырабаў» і Чавускі УКП «Жылкамгас», таксама дзейнічаюць два невялікіх вытворчых участка Чавускага райспажыўтаварыства і ААТ «Бабуліна крынка». Шмат мясцовых жыхароў працуе ў разнастайных бюджэтных арганізацыях, дзе адмовіцца ад «добраахвотна-прымусовай» падпіскі на дзяржаўныя газэты вельмі цяжка, бо людзі баяцца згубіць працу.