Logo Polskiego Radia
Print

Улады вырашылі прыпыніць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасьці

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.06.2019 16:40
Мясцовыя жыхары дабіваліся прыпыненьня будаўніцтва больш за год.
stopzavod.by

У Берасьці прыпыненае будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА «АйПаўэр», супраць якога пратэставалі мясцовыя жыхары. Адпаведнае распараджэньне апублікаванае на сайце Берасьцейскага аблвыканкама за подпісам кіраўніка вобласьці Анатоля Ліса – піша БелаПАН.

«Прыпыніць будаўніцтва аб'екта »Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» з уласнай кацельняй на прыродным газе па адрасе: Брэсцкі раён, СЭЗ «Брэст», раён «Аэрапорта», 1 пускавы комплекс« да ліквідацыі выяўленых парушэньняў», – гаворыцца ў пастанове.

Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» збудаваны на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». На заводзе плянуецца наладзіць поўны цыкл вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасьця і Берасьцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Праціўнікі завода выявілі шэраг парушэньняў пры рэалізацыі праекта.

Праціўнікі завода з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю зьбіраюцца на плошчы Леніна ў Берасьці. 25 красавіка гэтага года ў Адміністрацыю прэзыдэнта быў перададзены новы калектыўны зварот праціўнікаў акумулятарнага завода.

12 чэрвеня з актывістамі сустрэўся старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс. Гэта была першая сустрэча кіраўніка вобласьці з праціўнікамі будаўніцтва завода, яны дамагаліся яе больш за год. «Падчас сустрэчы, якая працягвалася тры гадзіны, актывісты агучылі шэраг выяўленых імі парушэньняў пры праектаваньні і будаўніцтве акумулятарнага завода, – расказаў БелаПАН мясцовы праваабаронца Раман Кісляк. – Кіраўнік вобласьці паабяцаў, што гэтыя факты будуць правераныя на працягу тыдня. Калі парушэньні пацьвердзяцца, то завод працаваць не будзе. Можна сказаць, што сёньня нас ня проста фармальна слухалі, але і ўспрымалі нашыя довады».

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт