У Берасьці рэалізуюць швэдзкую мадэль устойлівага разьвіцьця
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
04.06.2019 11:12
Падобныя праекты ўжо пасьпяхова ажыцьцяўляюцца ў Наваградку, Полацку й Наваполацку.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя шукае інвэстараў да рэалізацыі праекту SymbioCity ў Берасьці, паведаміла 3 чэрвеня журналістам супрацоўніца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі Кацярына Кузьняцова. Праект стартаваў у верасьні 2018 году, паведамляе „Свабода”.
„Цяпер актыўна займаемся пошукам дадатковага фінансаваньня. Хацелася б паказаць прыклад таго, як канцэпцыю „разумнага“ зялёнага гораду можна рэалізоўваць у мэгаполісе”, — адзначыла Кацярына Кузняцова.
Яна дадала, што падобныя праекты ўжо пасьпяхова ажыцьцяўляюцца ў Наваградку, Полацку й Наваполацку. Але гэтыя гарады сярэдняга памеру. А хочацца, каб перамены прыйшлі і ў буйныя гарады.
SymbioCity — гэта швэдзкая мадэль устойлівага гарадзкога разьвіцьця, якая з 2008 году існуе як „экспартны тавар”, як праграма, скарыстацца якой могуць усе ахвотныя ў любой краіне. Мяняюцца акцэнты, нюансы, але застаецца нязьменным галоўны падыход — разглядаць праблемы ў комплексе, шукаць рашэньні, якія даюць выйгрыш адразу ў некалькіх кірунках.
У Берасьці й бліжэйшых да гораду раёнах хочуць:
-зрабіць усю ваду чыстай,
-стварыць такую сыстэму руху грамадзкага й асабістага аўтатранспарту, каб мінімізаваць выкіды ў тых раёнах, дзе сканцэнтравана найбольшая колькасьць машын,
-закласьці дадатковыя паркі й вялікую сыстэму веладарожак.
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя й ПРААН (Праграма разьвіцьця ААН) абмяркоўваюць праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі.
Экспэрты ацэняць, наколькі пашырэньне сеткі зарадных станцый для аўтамабіляў уплывае на павелічэньне электратранспарту ў гарадах Беларусі. Першыя вынікі разьлічваюць атрымаць праз год-паўтара.
„Пытаньне патрабуе сурʼёзных навуковых разьлікаў. І мы цяпер займаемся падрыхтоўкай да гэтага”, — адзначыла Кацярына Кузьняцова.
У 2018 годзе „Беларуснафта” ўвяла 65 зарадных станцый, у тым ліку 30 — хуткай зарадкі.
аз