Упершыню ў гісторыі УСБ узнагароду за мужнасьць атрымала дзяўчына-салдат
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
31.05.2019 17:54
Цяпер яна па праву будзе насіць на кіцелі знак «Доблесьць і майстэрства».
Натальля Анішчукфота: Міністэрства абароны Беларусі
На палігоне Ласвіда завяршыліся выпрабаваньні на права ўзнагароджаньня вайскоўцаў нагрудным знакам «Доблесьць і майстэрства». Упершыню ў гісторыі Узброеных Сіл Беларусі ўзнагароду атрымала дзяўчына-ваеннаслужачая, паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на прэс-службу Міністэрства абароны.
Натальля Анішчук – старшы мэханік-тэлеграфіст гвардыі, малодшы сяржант кантрактнай службы з 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады. Дзяўчына на працягу чатырох дзён нароўні з мужчынамі праходзіла ўсе выпрабаваньні і ўвайшла ў лік 19 удзельнікаў, якія пасьпяхова пераадолелі шматлікія перашкоды.
Практычна на ўсіх сямі этапах Натальля Анішчук атрымала адзнакі «выдатна». Цяпер яна па праву будзе насіць на кіцелі знак «Доблесьць і майстэрства» – сымбаль мужнасьці і адвагі, гонару і павагі таварышаў па службе. У рэжыме нон-стоп удзельнікі выпрабаваньняў здавалі каля 40 тэстаў і нарматываў па прадметах баявой і спэцыяльнай падрыхтоўкі. У разьлік таксама бралі вынікі агнявой, тапаграфічнай, паветрана-дэсантнай, ваенна-мэдыцынскай, радыё- і інжынэрнай падрыхтоўкі, радыелягічнай, хімічнай і біялягічнай абароны. Праводзілася дэсантаваньне з верталёта, рух па азімутах па перасечанай мясцовасьці і 30-кіламетровы марш-кідок, пошук аб'екта.
нг