У Менску за тры гады ня быў заменены ніводзін ліфт у каапэратыўным доме
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
31.05.2019 18:07
Сярод гэтых дамоў ёсьць такія, дзе ліфты эксплёатуюцца ўжо па сорак гадоў.
photo: www.64parallel.ru
Праграма замены ліфтаў не выконваецца ні ў краіне, ні ў Менску, прычым у сталіцы пад замену за тры апошнія гады не патрапіў ні адзін каапэратыўны дом, сярод якіх ёсьць тыя, якія эксплёатуюцца ўжо па сорак гадоў. Праблему ўзьняла ў парлямэнце ў пятніцу дэпутат Вольга Палітыко, а пра гэта піша сайт tut.by.
Дэпутат нагадала, што ў рамках дзяржпраграмы «Камфортнае жыльлё і спрыяльнае асяродзьдзе» рэалізуецца падпраграма «Бясьпечны ліфт». Па гэтай падпраграме за пяцігодку ў шматкватэрных жылых дамах краіны неабходна замяніць 13 685 ліфтаў. Але за тры мінулыя гады заменена толькі 3749, усяго 27,5% ад пляна.
- Пры гэтым сродкі, прадугледжаныя па праграме на 2019-2020 гады, нават менш, чым было выдаткавана ў 2018 годзе, і ўсё гэта – бюджэтныя крэдыты. Відавочна, што калі не рабіць ніякіх захадаў, як у пляне арганізацыі працы, так і ў пляне пошуку крыніц фінансаваньня, праграма не будзе выканана. Прычым будзе сур'ёзнае недавыкананьне, – заявіла Вольга Палітыко.
Яна падкрэсьліла, што хоць праграма ня дзеліць дамы па спосабе кіраваньня агульнай маёмасьцю («гэта значыць ЖЭСаўскі ён ці каапэратыўны – усё роўна»), і вызначальны крытэр – тэрмін эксплёатацыі ліфта больш за 25 гадоў, на практыцы сытуацыя іншая. У прыватнасьці, у Мінску звыш 1,4 тыс. ліфтаў заменена за тры гады, з іх у каапэратыўных дамах – нуль.
нг