Logo Polskiego Radia
Print

У Горадні 30 шпіталізаваных з падазрэньнем на адзёр за месяц

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 30.05.2019 17:02
Паводле паведамленьняў, хваробу прывёз студэнт з Польшчы.
pixabay.com/Public Domain CC0

Паводле інфармацыі блогера Nexta, адзёр у Горадню прывёз студэнт з Польшчы, а агульная колькасьць хворых складае каля 30 чалавек, у некаторых студэнцкіх інтэрнатах абвясьцілі карантын. Хадзілі чуткі нават пра сьмерць ад адру, паведамляе Радыё «Свабода».

«Гэта неабгрунтаваныя чуткі, якія перашкаджаюць працаваць. Так, у Горадні ёсьць адзёр. Праводзяцца санітарна-супрацьэпідэмічныя захады, у тым ліку падчышчальная (дадатковая) імунізацыя, перш за ўсё тых, хто кантактаваў з хворымі. Вакцыны дастаткова», — кажа галоўны доктар Гарадзенскага занальнага цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі Яніна Шарэнда.

Як сказала Яніна Шарэнда, у Горадні сапраўды рэгіструюць выпадкі адру. Пра эпідэмію не ідзецца. З пачатку месяца інфэкцыю падазраюць у 30 чалавек, яны ў інфэкцыйным шпіталі. У 11 пацыентаў адзёр пацьвердзіўся лябараторнымі аналізамі, 9 чалавек выпісаныя са стацыянару. Астатнія чакаюць канчатковага заключэньня.

Паводле Яніны Шарэнды, ускладненьне сытуацыі зьвязанае з завозам захворваньня з-за мяжы.

Як патлумачыла галоўны доктар, мэдыкі назіраюць за ўсімі, хто кантактаваў з хворымі, каб выявіць захворваньне на пачатковай стадыі. Пацыенты з падазронымі выпадкамі накіроўваюцца ў інфэкцыйны шпіталь.

Яніна Шарэнда адзначыла, што цяжкіх выпадкаў захворваньня на адзёр ня выяўлена, ніхто не трапляў празь яго ў рэанімацыю й не паміраў.

Узровень імунізацыі супраць адру ў горадзе ня зьнізіўся ў параўнаньні з папярэднімі гадамі. Прышчэпленых дзяцей — 98%.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт