Беларусы пачалі ашчаджаць
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
02.05.2019 16:33
Беларусы значна скарацілі траты на нехарчовыя тавары, гаворыцца ў справаздачы Нацбанку.
Foto: pixabay.com/CC0
Дакумэнт галоўнага банкаўскага рэгулятара краіны паказвае дынаміку ды фактары зьмяненьня спажывецкіх цэн і тарыфаў у першым квартале 2019 году.
У справаздачы гаворыцца, што ў першыя месяцы бягучага году працягвалі зьніжацца тэмпы росту рэальных заробкаў у гадавым вымярэньні – 7,8 % у параўнаньні з 10,1 % у IV квартале 2018 году. Такое запаволеньне росту характэрна для большасьці відаў эканамічнай дзейнасьці, у тым ліку ў бюджэтных арганізацыях, падкрэсьліваецца ў справаздачы.
«На фоне запаволеньня тэмпаў росту заработнай платы назіраецца далейшае паслабленьне ўнутранага попыту: гадавы прырост у I квартале 2019 году склаў 2,5%, зьнізіўшыся на 0,6% у параўнаньні з IV кварталам 2018 году. Спажывецкая актыўнасьць насельніцтва таксама працягвае запавольвацца», – гаворыцца ў справаздачы Нацбанку.
Паводле справаздачы, прычынамі таго, што беларусы сталі траціць менш грошай у крамах, сталі: рост выдаткаў на жыльлёва-камунальныя паслугі, паскораны рост цэн на асобныя спажывецкія тавары, запаволеньне тэмпаў росту крэдытаваньня насельніцтва.
Паводле Нацбанк РБ/Радыё «Свабода»/юл