На актывіста, які выступае супраць акумулятарнага заводу, сшылі крымінальную справу
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
03.04.2019 10:05
62-гадовы Мазько зьмешчаны ў ізалятар, яму пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
pixabay.com
На берасьцейскага актывіста, які выступае супраць акумулятарнага заводу, распачалі крымінальную справу
Актывіста Майсея Мазько, які ўдзельнічаў у пратэсьце супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем, затрымалі па падазрэньні ў незаконным захоўваньні патронаў і выбухоўкі. Пра гэта belsat.eu паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк. 62-гадовы Мазько цяпер зьмешчаны ў ізалятар. Яму пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
Як распавёў Кісьляк, сілавікі затрымалі актывіста ўчора ўвечары, ноччу з яго ўзялі тлумачэньні і адправілі ў ізалятар. Раніцай 3 красавіка ў доме Мазько ў вёсцы Тэльмы правялі вобшук. Працэсуальны статус Мазько на гэты момант – падазраваны, абвінавачваньне пакуль не выстаўлена. Афіцыйных камэнтароў праваахоўных органаў пакуль не было.
Маісей Мазько, сябар ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу АКБ, 2 красавіка быў спынены ДАІ, пасьля чаго ў ягонай машыне супрацоўнікі міліцыі знайшлі чорны пакет, а ў ім прадметы, падобныя да патронаў. Пазьней там жа міліцыянты знайшлі выбухоўку і ўзрывацель.
«Відавочна, гэта ўсё было падкінутае ў машыну Мазько міліцыянтамі. Яны нешта доўга шукалі, праглядалі рамяні бясьпекі, хаця звычайна ДАІ ніколі такога не робіць. Вельмі непраўдападобна! Яны нават не маглі дакладна патлумачыць, навошта праводзіць пільны агляд аўта – казалі толькі, што ў Высокім нібыта раней зьнікла падобная машына», – кажа Раман Кісьляк.
Ён сьцьвярджае, што супраць Мазько была здзейсненая правакацыя праз удзел у пратэсьце.
Такога ж меркаваньня прытрымліваюцца й сваякі Мазько.
belsat.eu/яс