ААН крытыкуе Беларусь за перасьлед эка-актывістаў
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
07.03.2019 08:50
Беларусь не прымае мер па спыненьні перасьледу грамадзкіх актывістаў.
Makaristos (domena publiczna, źr. Wikipedia)
Камітэт па выкананьні Орхускай канвэнцыі накіраваў Беларусі папярэднюю ацэнку перасьледу актывістаў у сувязі з будаўніцтвам акумулятарнага завода ў Берасьці.
У сваім аглядзе Камітэт падкрэсьлівае, што з трыццаці пяці запытаў аб правядзеньні публічных сходаў, пікетаў і дэманстрацый, атрыманых Берасьцейскім гарадзкім выканаўчым камітэтам цягам 2018 года, была адобраная толькі адна заяўка на правядзеньне мітынгу. Камітэт прапануе Беларусі разгледзець пытаньне аб інструктаваньні сваіх мясцовых органаў улады, уключаючы Берасьцейскі гарадзкі выканаўчы орган, каб яны вялі агульнадаступны каляндар, а заяўнікі маглі ведаць загадзя, у якія даты будзе даступна грамадзкае месца для правядзеньня масавага мерапрыемства.
Таксама Камітэт адзначае, што Беларусь не падала інфармацыі, якая абгрунтоўвае неабходнасьць прэвэнтыўных затрыманьняў 23 лютага 2018 году Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, а таксама не патлумачыла, як пратэстная акцыя, на якой прысутнічала б два чалавекі, можа падпадаць пад катэгорыю «масавага мерапрыемства». Гэта таксама не было растлумачана ў адпаведных пастановах суда.
Адпаведна, Беларусь не змагла даказаць, што затрыманьне і штраф у дачыненьні да Кабанава і Пятрухіна служылі законнай мэце. Больш за тое, Камітэт адзначае, што памер штрафу зьяўляецца непрапарцыйным, бо перавялічвае сярэднямесячны даход у Беларусі.
Камітэт робіць выснову пра тое, што Беларусь так і не распачала неабходных і дастатковых мер для забесьпячэньня таго, каб прадстаўнікі грамадзкасьці не падвяргаліся за сваю дзейнасьць пакараньню, перасьледам або ўціскам у любой форме за ажыцьцяўленьне сваіх правоў у адпаведнасьці з Канвэнцыяй.
13 сакавіка 2019 года ў Жэнэве Камітэт па выкананьні Орхускай канвэнцыі разгледзіць ход выкананьня Беларусьсю сваіх абавязацельстваў па Канвэнцыі.
Паводле ПЦ "Вясна"/юл