Краіны былой Рэчы Паспалітай хочуць правесьці ЧЭ па гандболе
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Anna Zadrożna
                        
                        20.02.2019 11:21
                    
                                 
                
                
                    Пра гэта заявіў старшыня Беларускай фэдэрацыі гандболу Ўладзімер Канаплёў.
                
                
                    
                         Photo:Armin Kuebelbeck/en.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0
 Photo:Armin Kuebelbeck/en.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0
                     
                
                
                
               
                
                         Прадстаўнікі Беларусі, Летувы й Польшчы хочуць падаць супольную заяўку на правядзеньне гандбольнага чэмпіянату Эўропы ў 2026 годзе. Пра гэта 19 лютага заявіў старшыня Беларускай фэдэрацыі гандболу Ўладзімер Канаплёў, піша By.tribuna.com.
Падаць супольную заяўку Канаплёву прапанаваў кіраўнік польскага гандбольнага саюзу Анджэй Красьніцкі.
Паводле Канаплёва, для перамогі ў адборы неабходны трэці бок, таму да заяўкі прапанавалі далучыцца Летуве.
„Мы як прадстаўнікі былой адзінай дзяржавы, Рэчы Паспалітай, вырашылі паспрабаваць, паглядзець, што ў нас атрымаецца на фоне іншых эўрапейскіх краін”, - сказаў Канаплёў.
Дзе менавіта пройдзе гандбольны чэмпіянат Эўропы, вызначаць у 2021 годзе.
Старшыня Беларускай фэдэрацыі гандболу Ўладзімер Канаплёў прыйшоў у палітыку, стаўшы памочнікам Аляксандра Лукашэнкі падчас яго дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце БССР. Цягам 1994–1996 гадоў Канаплёў быў галоўным памочнікам Лукашэнкі. У 1995 годзе — абраны ў Вярхоўны Савет 13 скліканьня, у 1996-м — намесьнікам старшыні Палаты прадстаўнікоў (у 2004–2007 гадах займаў пасаду яе старшыні). Звольніўся з Палаты прадстаўнікоў у 2007 годзе па стане здароўя.
Беларускую фэдэрацыю гандболу Канаплёў узначальвае з 2006 году.
У 2014-м яго аштрафавалі на 135 мільёнаў недэнамінаваных рублёў за неданясеньне пра асабліва цяжкае злачынства ў справе экс-намесьніка генэральнага пракурора Анатоля Архіпава.
svaboda.org/аз