Беларусь і Расея пераглядаюць абмежаваньні на пастаўкі прадукцыі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
14.02.2019 11:01
Краіны падпісалі дарожную карту па зьняцьці ўзаемных абмежаваньняў паставак жывёлагадоўчай прадукцыі.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo:pixaby. com/ CC0 Public Domain
Беларусь і Расея 13 лютага падпісалі дарожную карту па працэдуры зьняцьця ўзаемных абмежавальных мер у пастаўках прадукцыі жывёлагадоўлі на 2019 год, паведамляе прэс-служба Рассельгаснагляду.
Дакумэнт падпісаны паводле вынікаў перамоў у Маскве намесьніка міністра сельскай гаспадаркі й харчаваньня — дырэктара дэпартамэнта вэтэрынарнага й харчовага нагляду Мінсельгасхарча Беларусі Івана Сьмільгіня й кіраўніка Фэдэральнай службы па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе Сяргея Данкверта.
У прыватнасьці 14 лютага адмяняюцца часовыя абмежаваньні на пастаўкі ў Расею прадукцыі Валожынскага вытворчага ўчастка ААТ „Маладзечанскі малочны камбінат” (сыр і масла) і ЗП „Інка-Фуд” (гатовая мясная прадукцыя).
„Падчас перамоў расейскі бок перадаў беларускім калегам вялікія па сваіх аб'ёмах матэрыялы, якія зьмяшчаюць інфармацыю аб выяўленых лябараторыямі Рассельгаснагляду адхіленьнях у прадукцыі, што паступае з Беларусі ў Расею. У адказ на гэта Сьмільгінь паабяцаў уважліва вывучыць атрыманую інфармацыю й зрабіць адпаведныя захады ў дачыненьні да прадпрыемстваў-парушальнікаў”, - адзначылі ў прэс-службе.
Бакі дэталёва разгледзелі ўведзеныя раней службамі дзьвюх краін абмежаваньні, а таксама прынятыя меры.
„Падчас канструктыўнага дыялёгу бакі прыйшлі да пагадненьня аб неабходнасьці выпрацоўкі дакладнага й зразумелага мэханізма рэгуляваньня транзыту сельгаспрадукцыі па тэрыторыях краін — членаў ЭАЭС, — паведамілі ў Рассельгаснаглядзе. — У сувязі з адсутнасьцю пільнага кантролю за транзытам прадукцыі, забароненай да паставак у Расею зь Беларусі, рэгулярна адбываецца выгрузка такіх тавараў па меры пераезду ў іншыя краіны — члены ЭАЭС на тэрыторыі Расеі. Да прыкладу, часова абмежаванае да ўвозу ў Расею сухое малако пры перамяшчэньні па тэрыторыі нашай краіны „раствараецца” і выкарыстоўваецца для вырабу фальсыфікаванай прадукцыі, якая ў далейшым рэалізуецца на расейскім рынку”.
belapan.by/аз