Нацбанк хоча мець больш незалежнасьці, за якую гатовы ахвяраваць кіраўніцтвам 
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Jolanta  Śmiałowska
                        
                        12.02.2019 16:54
                    
                                 
                
                
                    Высокая інфляцыя ў будучым можа стаць прычынай адстаўкі кіраўніцтва Нацбанка.
                
                
                    
                         radyjo.net/А.Багданаў
radyjo.net/А.Багданаў
                     
                
                
                
               
                
                         Нацыянальны банк ініцыюе пашырэньне сваёй апэрацыйнай незалежнасьці, прапаноўваючы адначасова павысіць сваю адказнасьць за цэнавую стабільнасьць. Адпаведныя зьмены Нацбанк плянуе ўнесці ў Банкаўскі кодэкс.
На мінулым тыдні адбылася сустрэча кіраўніка Нацбанка Паўла Калаура з Аляксандрам Лукашэнкам.
У афіцыйным паведамленьні па выніках сустрэчы не называліся паўнамоцтвы, пра якія просіць Нацбанк. "Але тое, што мне даложана, я абсалютна падтрымліваю", — сказаў Лукашэнка, зьвяртаючыся да Калаура.
У Банкаўскі кодэкс плянуецца ўнесьці норму, згодна з якой праўленьне Нацыянальнага банка можа быць адпраўленае ў адстаўку (у выпадку, калі на працягу некалькіх гадоў інфляцыя будзе вышэйшая за прагназаваную). Праект зьменаў у Банкаўскі кодэкс прадугледжвае, што замест устаноўкі цяперашніх гадавых прагнозаў па інфляцыі будзе зацьвярджацца сярэднетэрміновы арыенцір — на тры гады.
Цэнтральны банк прапануе даць яму права апублікаваць унутраны прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, адрозны ад урадавага.
"Цяпер Нацбанк не аперуе ў публічнай прасторы сваімі ўнутранымі прагнозамі, і гэта не дазваляе цэнтральнаму банку правільна тлумачыць свае рашэньні. Цяпер грамадзтва ня ведае, на якіх эканамічных прагнозах заснаваныя рашэньні, што прымаюцца Нацбанкам", — растлумачыў суразмоўца фінансавых колаў сутнасьць магчымых зьменаў.
Naviny.by/яс