З дыскрымінацыяй на рынку працы сутыкаліся 85% апытаных беларусаў, паведаміла на прэс-канфэрэнцыі ў Менску спэцыяліст міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Гендэрныя пэрспэктывы» Алена Арцёменка. Яна прадставіла вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня аб гендэрнай дыскрымінацыі на рынку працы, піша БелаПАН.
Паводле яе слоў, з дыскрымінацыяй сутыкаліся 89,6% жанчын і 80,4% мужчын. Пры гэтым жанчыны часьцей сутыкаюцца з дыскрымінацыяй у сувязі са сваёй роляй жонкі і маці, мужчыны — у сувязі з узростам.
Самыя ўразьлівыя на рынку працы групы, паводле сацыёлягаў: замужнія і незамужнія жанчыны да 35 гадоў безь дзяцей, жанчыны зь дзецьмі да 10 гадоў, жанчыны ў адпачынку па доглядзе за дзіцём.
Як адзначыла Арцёменка, разрыў паміж заработнай платай мужчын і жанчын складае 25%.
Рызыка дыскрымінацыі таксама павышаецца сярод людзей ва ўзросьце 35-44 гадоў і з вышэйшай адукацыяй.
Самы распаўсюджаны від дыскрымінацыі — пры прыёме на працу
З дыскрымінацыяй пры прыёме на працу сутыкаюцца 69,3% беларусаў (73,8% жанчын і 64,7% мужчын).
Найчасьцей — тыя, хто працуе ў сфэры гандлю (84,3%), з уразьлівых групаў — замужнія жанчыны да 35 гадоў без дзяцей (84%).
Дыскрымінацыя на працоўным месцы крыху меншая, чым пры прыёме на працу: ад яе калі-небудзь цярпелі 64,1% эканамічна актыўнага насельніцтва (68% жанчын і 60,3% мужчын).
Сярод прычынаў дыскрымінацыі на працоўным месцы: узрост, у першую чаргу малады — з 16 да 24 гадоў (самая распаўсюджаная прычына), цяжарнасьць або адпачынак па догляду за дзіцем (сутыкаліся 26,2% жанчын), неабгрунтаваныя патрабаваньні да вонкавага выгляду на працоўным месцы (сутыкаліся 28,6% мужчын і 27,1% жанчын),
З парушэньнем сэксуальнай недатыкальнасьці на працоўным месцы сутыкаліся 18,8% рэспандэнтаў (23% жанчын і 14,6% мужчын).
Як адзначыла Ірына Арцёменка, асноўным выйсьцем з сытуацыі дыскрымінацыі на працоўным месцы беларусы лічаць звальненьне. Паводле яе, з працы звальняюцца 30% тых, хто рэагуе на ўціск правоў на працоўным месцы.
svaboda.org/яс