У Менску пройдзе пленэр, прысьвечаны Станіславу Манюшку
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
04.02.2019 11:21
Паводле вынікаў пленэру адбудзецца конкурс, найлепшыя работы трапяць у фонды беларускіх музэяў.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: bodobe/pixabay.com/CC0 Public Domain
Беларускі саюз мастакоў (БСМ) 5 лютага правядзе ў сталічным Музэі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пленэр, прысьвечаны 200-годзьдзю з дня нараджэньня кампазытара Станіслава Манюшкі.
Як паведамляе сайт БСМ, творчая сустрэча пачнецца ў 16.00. Дырэктар музэя Зінаіда Кучар, дасьледчык гісторыі музыкі Аляксей Фралоў і літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч прапануюць мастакам шэраг тэм, зьвязаных з Манюшкам, якія „могуць быць увасобленыя ў творах жывапісу й плястыкі”.
Паводле вынікаў пленэру адбудзецца конкурс, найлепшыя работы трапяць у фонды беларускіх музэяў. У саюзе мастакоў адзначаюць, што імя Манюшкі „зьяўляецца адным з найвялікшых у гісторыі й культуры Беларусі й Польшчы” й адначасова „ўяўляе гэтыя дзьве культуры й аб’ядноўвае іх”.
„Манюшка нарадзіўся й вырас на Меншчыне, правёў свае маладыя гады ў Менску, — гаворыцца ў паведамленьні БСМ. — Тут праходзілі яго першыя тэатральна-музычныя пастаноўкі, у салёнах менскай інтэлігенцыі XIX стагодзьдзя гучала яго музыка, напоўненая беларускім фальклёрам. Пазьней Манюшка працаваў у Вільні — ранейшай сталіцы нашай дзяржавы — як арганіст касьцёла Сьвятога Яна. Ужо потым пераехаў у Варшаву, дзе стаў таксама клясыкам польскай опэры, стварыўшы там свае самыя маштабныя шэдэўры ў гэтым жанры”.
Станіслаў Манюшка нарадзіўся 5 мая 1819 года ў мястэчку Ўбель Ігуменскага павета Менскай губэрні (цяпер аднайменная вёска ў Чэрвеньскім раёне Менскай вобласьці). Пачатковую музычную адукацыю атрымаў у беларускага музыканта й пэдагога Дамініка Стэфановіча ў Менску. Пасьля навучаўся музыцы ў Варшаве, Менску, Бэрліне.
З 1840 да 1858 гады жыў у Вільні, дзе працаваў арганістам, пісаў музыку, выкладаў і актыўна разьвіваў музычнае жыцьцё горада. Пераехаў у Варшаву, да 1872 года дырыжаваў у опэрным тэатры, які сам і ўзначальваў. У сваёй творчасьці шырока выкарыстоўваў беларускі фальклёр. На рахунку Манюшкі прыблізна 20 опэр і апэрэт, тры балеты, пяць імшаў, два рэквіемы й больш за 300 песень, у тым ліку „Паходная песьня літвінаў” на словы беларускага паэта Ўладзіслава Сыракомлі. У ліку іншага кампазытар напісаў музыку да опэры „Сялянка” паводле п’есы беларускага пісьменьніка й драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча „Ідылія”.
belapan.by/racyja.com/аз