У Беларусі прайшлі затрыманьні арганізатараў «дамоўных матчаў»
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Valery Sauko
                        
                        10.01.2019 14:17
                    
                                 
                
                
                    Паводле міліцыі, гэтыя людзі займаліся арганізацыяй і правядзеньнем «дамоўных» гульняў «у розных гульнявых камандных відах спорту».
                
                
                    
                         wsyperek/pixabay.com/CC0 Public Domain
wsyperek/pixabay.com/CC0 Public Domain
                     
                
                
                
               
                
                         У Беларусі прайшлі затрыманьні арганізатараў «дамоўных матчаў». Як інфармуе прэс-служба МУС, 5 студзеня супрацоўнікі галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю й карупцыяй МУС затрымалі ў Магілёве й Менску ўдзельнікаў міжнароднай злачыннай групы. Паводле зьвесткаў міліцыі, гэтыя людзі працяглы час займаліся арганізацыяй і правядзеньнем «дамоўных» гульняў «у розных гульнявых камандных відах спорту» (паводле газэты «Прессбол», у футболе й валейболе). Незаконны прыбытак яны атрымлівалі з букмэкерскіх кантор краін заходняй Эўропы й Азіі.
Крымінальныя справы распачатыя па артыкулах «махлярства» й «подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафэсійных спартыўных спаборніцтваў і відовішчных камэрцыйных конкурсаў». Пад вартай знаходзяцца трое падазраваных. Прэс-служба Сьледчага камітэту інфармуе ў Telegram, што гэта – былыя прафэсійныя спартоўцы.
МУС высьвятляе асобы ўсіх удзельнікаў злачынных схемаў і прапануе ім самім «добраахвотна й ініцыятыўна» зьвяртацца да правахоўнікаў.
Папярэдні раз пра выкрыцьцё злачыннай схемы «дамоўных» матчаў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі заявіла ў ліпені 2016 году. У кастрычніку 2017-га былі асуджаныя 15 чалавек. Яны атрымалі альбо абмежаваньне свабоды, альбо штрафы. Летась Беларуская фэдэрацыя футболу пажыцьцёва дыскваліфікавала гэтых людзей.
эўрарадыё/вс