Logo Polskiego Radia
Print

Прэзыдэнт Зімбабве плянуе наведаць Беларусь

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 09.01.2019 17:19
Згодна са словамі прэс-сакратара, візыты ў Расею, Беларусь, Азэрбайджан і Казахстан арганізаваныя на запрашэньне гэтых краін.
Сельскія дзеці ў АфрыцыСельскія дзеці ў Афрыцыcommons.wikimedia.org/Public Domain CC0

Прэзыдэнт Зімбабве Эмэрсан Мнангагва на наступным тыдні плянуе наведаць Беларусь. Як паведамляе herald.co.zw са спасылкай на прэс-сакратара прэзыдэнта Джорджа Чарамбу, заплянаваныя візыты Мнангагвы ў чатыры краіны – Расею, Беларусь, Азэрбайджан і Казахстан. Акрамя таго, ён мае намер узяць удзел у Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе (Швэйцарыя).

Гэтыя візыты прэзыдэнта Чарамба назваў стратэгічнымі і паведаміў, што паводле іх вынікаў чакаецца падпісаньне вялікай колькасьці пагадненьняў і мэмарандумаў. Згодна са словамі прэс-сакратара, візыты ў Расею, Беларусь, Азэрбайджан і Казахстан арганізаваныя на запрашэньне гэтых краін.

Гаворачы пра Беларусь, Чарамба адзначыў, што ў Зімбабве пастаўляецца беларуская тэхніка й абсталяваньне для горназдабываючай і будаўнічай галін. Беларусь таксама ўдзельнічае ў рэалізацыі інфраструктурных праектаў у Зімбабве. У верасьні 2018 году Зімбабве наведаў кіраўнік спраў прэзыдэнта Беларусі Віктар Шэйман.

Як паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка, прайшлі перамовы з прэзыдэнтам Зімбабве, старшынём Рэзэрвовага банка, вядучымі міністрамі. Бакі абмеркавалі напрамкі сумеснай працы ў сельскай гаспадарцы, транспарце, лягістыцы, электраэнэргетычнай сфэры, будаўніцтве, адукацыі, ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, пытаньне паставак у Зімбабве беларускай тэхнікі.

Паводле інфармацыі прэс-службы, дасягнутыя пагадненьні аб стварэньні прадпрыемстваў, прапрацоўцы пытаньняў у галіне сумеснага разьвіцьця інфраструктуры, будаўніцтва чыгункі, аўтамабільных дарог, стварэньня лягістычных цэнтраў. Прынятае рашэньне аб стварэньні рабочай групы па адпаведных напрамках. Акрамя таго, падчас паездкі былі падпісаныя кантракты на пастаўкі лесанарыхтоўчай, дарожна-будаўнічай, грузавой тэхнікі амаль на 60 млн даляраў ЗША.

белапан/радыё рацыя/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт