Logo Polskiego Radia
Print

У Горадзенскай вобласьці забаранілі сымболіку ў грамадзкім транспарце

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 22.12.2018 14:16
Змаганьне Валера Мінца з расейскімі сьцяжкамі ў Лідзе пачалося сёлета ў верасьні.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixaby. com/ CC0 Public Domain

Кіроўцам аўтобусаў „Гроднааблаўтатрансу” забаранілі вешаць у кабіне грамадзкага транспарту „непатрэбныя прадметы”, да якіх можна аднесьці й расейскія „трыкалёры”. Такога выніку дамогся сваімі зваротамі й скаргамі лідзкі актывіст Валер Мінец.

Змаганьне Валера Мінца з расейскімі сьцяжкамі ў Лідзе пачалося сёлета ў верасьні. Ён заўважыў у адным з гарадзкіх аўтобусаў на лабавым шкле „трыкалёр”. Папрасіў кіроўцу Івана Пышынскага зьняць яго.

„Мяне гэта абурыла, бо менавіта пад гэтым сьцягам падчас Другой усясьветнай вайны расейскія фашысты, салдаты Вэрмахту, што ваявалі ў складзе Рускай вызваленчай арміі здрадніка й пярэваратня генэрала Ўласава на баку нацысцкай Нямеччыны, зьнішчалі мірнае насельніцтва Беларусі, праводзілі карныя апэрацыі супраць партызанаў і супрацьстаялі ў баях Чырвонай Арміі”, — казаў Валер Мінец.

Да таго ж ён лічыць недапушчальным і незаконным разьмяшчэньне сымбаляў іншых дзяржаў у месцах грамадзкага карыстаньня.

Кіроўца адмовіўся, па словах Мінца, у грубай і абразьлівай форме. Актывіст напісаў скаргу ў аўтобусны парк з просьбай прыбраць расейскія сьцягі й прыцягнуць кіроўцу да адказнасьці за хамства.

У выніку кіроўцу пазбавілі паловы месячнай прэміі. Аднак пытаньне з сымболікай тады ня вырашылася.

Другі зварот з падобнай жа просьбай лідчук накіраваў у „Гроднааблаўтатранс” — забараніць вешаць у транспарце расейскія сьцягі й іншую сымболіку, акрамя дзяржаўных сымбаляў Беларусі.

„Пры павазе да ўласных поглядаў і прыхільнасьцяў кіроўцаў, дзяржаўны грамадзкі транспарт не павінен быць месцам выказваньня й прапаганды тых самых уласных поглядаў кіроўцаў гэтага аўтатранспарту, у тым ліку праз выкарыстоўваньне чужынскай сымболікі”, — пісаў ён у лісьце.

З ААТ „Гроднааблаўтатранс” ён атрымаў станоўчы адказ. Гэтая арганізацыя 7 сьнежня выдала загад, які „забавязаў дырэктараў філіялаў выключыць устаноўку (мацаваньне) у транспартных сродках прадметаў, не прадугледжаных канструкцыяй аўтамабіля”.

Выключэньні — сродкі навігацыі й відэарэгістрацыі, бартавыя прылады платы за праезд, фіранкі на бакавых вокнах салёну аўтобуса й „іншыя прадметы, неабходныя для ажыцьцяўленьня кантролю, забесьпячэньня бясьпекі й камфорту пасажыраў, распаўсюджваньня ўзгодненай ва ўстаноўленым парадку інфармацыі”.

Валер Мінец мяркуе, што сьцягі да выключэньняў не адносяцца.

Год таму лідзкі актывіст дамогся, каб з гарадзкога транспарту ў Лідзе зьніклі георгіеўскія стужкі. Ён сказаў, што пасьля гэтага больш ні разу ня бачыў георгіеўскіх стужак у лідзкіх аўтобусах.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт