Беларусь і Турцыя правядуць конкурс інавацыйных праектаў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
06.12.2018 13:35
Кірункі супрацоўніцтва - сфэра нана- і біятэхналёгій, фармацыі, мэдыцынскіх тэхналёгій, касьмічных дасьледаваньняў, супэркампутараў.
pixabay.com/Public Domain CC0
Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналёгіях Беларусі і Міністэрства прамысловасьці і тэхналёгій Турэцкай Рэспублікі правядуць у першым квартале 2019 года конкурс сумесных беларуска-турэцкіх інавацыйных праектаў. Пра гэта ішла гаворка ў Менску на сустрэчы старшыні ДКНТ Аляксандра Шуміліна і пасла Турцыі ў Беларусі Нілваны Дарама.
Як паведаміла прэс-служба ДКНТ, заяўкі па прыярытэтных накірунках супрацоўніцтва ў сфэры нана- і біятэхналёгій, фармацыі, мэдыцынскіх тэхналёгій, касьмічных дасьледаваньняў, супэркампутараў будуць разглядацца Беларускім інавацыйным фондам і Саветам па навукова-тэхнічных дасьледаваньнях Турцыі.
Бакі дамовіліся таксама актывізаваць двухбаковае супрацоўніцтва па лініі суб'ектаў інавацыйнай структуры, у прыватнасьці паміж тэхналягічнымі паркамі Беларусі і турэцкімі навуковымі паркамі.
Пагадненьне аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналёгій паміж урадамі Беларусі і Турцыі падпісана ў 2016 годзе (набыло моц 8 чэрвеня 2017 года). У 2017 годзе падпісаны мэмарандум аб узаемаразуменьні паміж Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасьці Рэспублікі Беларусь і Турэцкім агенцтвам па патэнтах і таварных знаках і мэмарандум аб супрацоўніцтве паміж Беларускім інавацыйным фондам і Саветам навукова-тэхнічных дасьледаваньняў Турцыі.
Першае пасяджэньне сумеснай Беларуска-турэцкай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналёгій адбылося 5 лістапада 2018 года.
БелаПАН/нг