У Беларусі звыш 3 тыс. актыўных прыхільнікаў нацызму і нэанацызму
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
06.12.2018 12:55
Такую лічбу назваў міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons
Міністэрства ўнутраных спраў зафіксавала ў Беларусі больш за тры тысячы «актыўных прыхільнікаў нацызму і нэанацызму», заявіў 6 сьнежня на паседжаньні Палаты прадстаўнікоў кіраўнік МУС Ігар Шуневіч.
Ён падкрэсьліў, што пры гэтым трэба ўлічваць «пэўную лятэнтнасьць», але «задакумэнтавана» была менавіта такая колькасьць чалавек. «Для Беларусі гэта вельмі шмат», – дадаў Шуневіч.
Паводле яго слоў, прыхільнікамі нэанацызму ў пераважнай большасьці зьяўляюцца людзі да 40 гадоў, «маргінальнага складу, нежанатыя, бязьдзетныя, непрацаўладкаваныя, часам злоўжываюць алькаголем і наркотыкамі». «Як правіла, яны вылучаюцца павышанай агрэсіўнасьцю і жорсткасьцю», – сказаў міністар унутраных спраў.
Многія з гэтых людзей зьведалі адміністрацыйную і крымінальную адказнасьць, частка з іх цяпер знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі, паведаміў ён. «Многія з іх – гэта былыя ці дзейныя фанаты футбольных клюбаў, так званыя скінгэды. Яны прытрымліваюцца ідэалёгіі нацысцкай Германіі, выступаюць за перавагу белай нацыі і расы. Асабліва яны пакланяюцца часьцям вэрмахта, якія былі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і адрозьніваліся асаблівай жорсткасьцю. Яны колюць сабе масьці гэтых часьцей і гэтак далей», – расказаў Шуневіч.
БелаПАН/нг