Менск прыгразіў Крамлю «белэкзітам»
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
04.12.2018 14:29
Менск прыгразіў Крамлю выхадам з Эўразійскага эканамічнага саюзу.
крыніца: www.belneftekhim.by
Пра магчымасьць выхаду заявіў намесьнік міністра фінансаў Беларусі Андрэй Белкавец.
Беларусь будзе «жорстка» дамагацца кампэнсацыі за страты, якія прынясе павышэньне коштаў нафты. «Падатковы манэўр», які ўжо празь месяц пачынае Расея, супярэчыць дамовам аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу – заявіў высокапастаўлены беларускі чыноўнік.
«Усе гэтыя дамоўленасьці будуць дэзавуяваныя. Калі адзін бок лічыць магчымым адстойваць толькі свае інтарэсы, а іншыя павінныя з гэтым пагаджацца – так быць не мусіць. У адваротным выпадку мы вернемся да пытаньня мэтазгоднасьці знаходжаньня Беларусі ў такім саюзе», – пракамэнтаваў Белкавец.
На працягу шасьці гадоў Расея зьнізіць экспартнае мыта да нуля, але затое падыме кошт нафты на ўнутраным рынку да сусьветнага. Гэта зробіць нафтавы гандаль больш празрыстым і дазволіць сабраць больш грошай у расейскі бюджэт. Але для Беларусі, якая таксама купляе нафту за ўнутрырасейскія кошты, падатковы манэўр стане велізарным ударам.
«Глябальныя страты парадку 10 мільярдаў долараў ЗША. З іх тры мільярды – гэта страчаныя прыбыткі бюджэту і шэсьць мільярдаў – гэта страты ад пагаршэньня эканамічнага стану нафтаперапрацоўчых заводаў», – кажа намесьнік міністра фінансаў.
Як сьцьвярджае Менск, дарагая нафта пазбавіць прыбытку беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы і паставіць беларускіх вытворцаў у няроўныя ўмовы з расейскімі, якім Масква кампэнсуе скачок выдаткаў на энэрганосьбіты. Беларускія ж прадпрыемствы пазбавяцца энэргетычных ільготаў. Сёлета на кожнай тоне расейскай нафты Беларусь зэканоміла 129 даляраў. У суме гэта дае больш за 2 мільярды 300 мільёнаў.
belsat.eu/яс