Logo Polskiego Radia
Print

З 2019 года беларус бязмытна прывязе дадому толькі 25 кг тавараў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 08.11.2018 14:05
Такое рашэньне 1 лістапада прыняў Савет Эўразійскай эканамічнай камісіі.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixaby. com/ CC0 Public Domain

У Беларусі зьмяншаецца маса і кошт тавараў, якія бязмытна можна ўвозіць у краіну. Такое рашэньне 1 лістапада прыняў Савет Эўразійскай эканамічнай камісіі (ЭЭК).

У сувязі з прынятымі зьменамі, з 1 студзеня 2019 года ў Беларусь (як і іншыя краіны ЭАЭС) можна будзе ўвозіць тавары не даражэй за 500 эўра з агульнай вагой ня больш за 25 кіляграмаў.

Нагадаем, што 29 сакавіка Савет ЭЭК зьнізіў нормы бязмытнага ўвозу тавараў для асабістага карыстаньня. І так, да канца 2018 года жыхары краін ЭАЭС, якія вандруюць наземным транспартам, могуць прывозіць тавары на 1500 эўра і да 50 кіляграмаў.

Раней плянавалася, што абмежаваньні будуць уводіцца паэтапна й толькі ў 2021 годзе прывозіць можна было б толькі 25 кіляграмаў тавараў не болей чым на 500 эўра. Аднак абмежаваньні ўступяць у сілу ўжо з 2019-га.

Калі тавар будзе правозіцца звыш ліміту, давядзецца заплаціць мыту ў памеры 30% ад кошту тавару, але ня менш за 4 эўра за кожны лішні кіляграм. Гэтыя нормы не распаўсюджваюцца на асабістыя рэчы, якія людзі ўзялі з сабой у дарогу.

А вось ліміты на алькаголь з 2019 года не зьмяняюцца – не больш за 3 літры, у тым ліку піва, на аднаго паўналетняга чалавека. Пры ўвозе большых аб’ёмаў трэба заплаціць 10 эўра за кожны лішні літар. Правозіць больш за пяць літраў на аднаго чалавека забаронена.

belsat.eu/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт