Беларускія памежнікі завэрбавалі грамадзяніна Ўкраіны
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
23.10.2018 14:23
Пасьля году супрацы ён здаўся Службе бясьпекі Ўкраіны.
pixabay.com/Public Domain CC0
Грамадзянін Украіны на працягу году супрацоўнічаў з апэратыўнікам Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, якому мусіў перадаваць інфармацыю аб кантрабандзе з Украіны ў Беларусь бурштыну й зброі, а таксама аб парадку арганізацыі аховы ўкраінскай мяжы ў сумежных зь Беларусьсю раёнах Валынскай ды Роўненскай абласьцей.
Як адзначаецца ў матэрыялах крымінальнай справы, заведзенай супраць украінца паводле артыкулу аб дзяржаўнай здрадзе за «дапамогу Рэспубліцы Беларусь у правядзеньні падрыўной дзейнасьці супраць Украіны», сёлета ў ліпені ён добраахвотна зьвярнуўся ва ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны ў Ровенскай вобласьці з заявай аб «чыстасардэчным прызнаньні ў падрыхтоўцы да ажыцьцяўленьня супрацьпраўнай дзейнасьці».
Украінец быў завэрбаваны ў кастрычніку 2017 году падпалкоўнікам апэратыўна-вышуковага аддзелу Пінскага памежнага атраду Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі ў беларускім пункце пропуску «Невель».
За супрацоўніцтва з беларускімі памежнай службай ўкраінцу пагражала да 15 гадоў пазбаўленьня волі, але, улічваючы, што ён добраахвотна заявіў органам СБУ «аб сваёй сувязі з прадстаўніком замежнай дзяржавы і аб задачах, якія перад ім ставіліся», суд вызваліў яго ад крымінальнай адказнасьці.
svaboda.org/яс