БелАЗ сумесна з канадзкай кампаніяй распрацуе электрасамазвал
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
26.09.2018 11:11
На праект беларускі бок разьлічвае атрымаць фінансаваньне ад канадзкага ўрада.
Photo: barsukspb - Белазы/be.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0
БелАЗ сумесна з канадзкай кампаніяй распрацуе электрасамазвал, паведаміў журналістам генэральны дырэктар беларускага прадпрыемства Пётр Пархомчык. Ён дадаў, што беларускі бок па гэтым стартапе разьлічвае атрымаць фінансаваньне ад канадзкага ўрада.
„Ужо ёсьць спажывец - міжнародная горназдабыўная кампанія ArcelorMittal”, - сказаў Пётр Пархомчык. Ён таксама адзначыў, што праблема распрацоўкі такога самазвала ў тым, што існуючыя акумулятарныя батарэі даюць магчымасьць самазвалу працаваць на працягу трох-чатырох гадзін пасьля зарадкі.
„Нам трэба, каб хаця б восем гадзін, потым самазвал падзарадзіўся на працягу 20-30 хвілін - і паехаў далей. Калі мы гэту задачу вырашым, то такая тэхніка будзе, - дадаў гендырэктар БелАЗа.
ААТ „БелАЗ” - кіруючая кампанія холдынга „БелАЗ-Холдынг” - гэта прамысловая вытворчасьць кар'ернага й спэцыялізаванага транспарту з выкарыстаньнем інавацыйных тэхналёгій. За 70-гадовую гісторыю прадпрыемства выпушчана больш за 500 розных мадыфікацый кар'ерных самазвалаў і машын спэцыяльнага прызначэньня, сабрана 146 тыс. адзінак тэхнікі, геаграфія паставак налічвае 78 краін.
belta.by/аз