Мытнікі фіксуюць рост спробаў незаконнага ўвозу кветак у Беларусь
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
24.08.2018 11:12
З пачатку лета гарадзенскія мытнікі спынілі незаконны ўвоз у Беларусь кветак больш чым на 70 тыс. рублёў.
Photo: Couleur/pixabay.com/CC0 Public Domain
З пачатку лета гарадзенскія мытнікі спынілі незаконны ўвоз на тэрыторыю Беларусі больш за 100 тысяч руж, паведаміла Гарадзенская рэгіянальная мытня.
Кветкавая прадукцыя агульным коштам звыш 70 тыс. рублёў выяўленая на беларуска-летувіскім напрамку мяжы ў пунктах пропуску „Беняконі”, „Катлоўка” і „Каменны Лог”. Атрымальнікамі тавару ў большасьці выпадкаў зьяўляліся аптовыя расейскія фірмы.
Адно з апошніх парушэньняў выяўленае ў пункце пропуску „Беняконі”. Мытны кантроль кветкавай прадукцыі, якую перавозіў летувіскі перавозчык у адрас расейскага атрымальніка, выявіў у грузавым адсеку аўтамабіля „Вольва” кветкі, не пазначаныя ў дакумэнтах. Адсутнічалі зьвесткі больш чым пра 10 тыс. руж даўжынёй 40 см. Кошт тавару, які незаконна перамяшчаўся, склаў амаль 9 тыс. рублёў.
Распачаты адміністрацыйны працэс у адпаведнасьці з ч. 1 арт. 14.5 КоАП Рэспублікі Беларусь. Дадзены артыкул прадугледжвае штраф да 30% ад кошту тавару, які незаконна перамяшчаўся.
belapan.by/аз