Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі пачалася зачыстка інфармацыйнай прасторы

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 07.08.2018 14:02
Праваабронцы, журналісты ды палітыкі крытыкуюць дзеяньні Сьледачага камітэта ў дачыненьні да незалежных СМІ.

Сёньня СК паралізаваў працу недзяржаўных выданьняў БелаПАН і TUT.by.

Сьледчыя закрылі журналістам доступ журналістам у рэадакцыі, зладзілі там ператрусы ды затрымалі шэраг рэдактараў і журналістаў згаданых выданьняў. Сьледчы камітэт патлумачыў, што гэтыя дзеяньні вядуцца ў рамках крымінальнай справы за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Падставай стала скарга кіраўніцтва дзяржаўнага агенцтва «Белта.

Кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі назваў гэтыя факты зачысткай інфармацыйнай прасторы. Улады працягваюць весьці палітыку абмежаваньня інфармацыйнага поля ў Беларусі з тым, каб трымаць беларускіх грамадзян у атмасфэры страху, няпэўнасьці і дэзынфармацыі, зазначыў праваабронца.

У сваю чаргу, старшыня Беларускай Асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец назваў дзеяньні СК ўмяшаньнем у свабоду выказваньняў і ў свабоду СМІ ў Беларусі. Адмысловец перакананы, што агучанае сьлечымі злачынства не нясе сур’ёзнай грамадзкай небясьпекі. У дадзеным выпадку ператрусы і затрыманьні журналістаў сьледчымі, гэта тое самае, што расстрэльваць за праезд без квітка ў грамадзкім транспарце, – сказаў Андрэй Бастунец.

Рашучы пратэст супраць пераследу беларускіх незалежных СМІ выказалі таксама палітыкі. Беларускія хрысціянскія дэмакраты назвалі ператрусы і арышты ў офісах партала TUT.by і агенцтва БелаПАН надзвычайным парушэньнем права на свабоду слова і пераследам незалежнай прэсы. З крытычнай заявай выступіў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Палітык заявіў, што ўлады пачалі новы наступ на свабоду слова.

Паводле Радыё Свабода/БАЖ/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт