Logo Polskiego Radia
Print

Анісім прапанавала міністру культуры чарговы круглы стол па Курапатах

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 19.07.2018 15:36
Старшыня ТБМ накіравала ліст міністру Юрыю Бондару з прапановай правесьці круглы стол па мэмарыялізацыі Курапатаў.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

19 ліпеня дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім накіравала ліст міністру культуры Юрыю Бондару з прапановай правесьці круглы стол па мэмарыялізацыі Курапатаў.

«Курапаты маглі б стаць месцам нацыянальнага прымірэньня. І гэта быў бы моцны штуршок для разьвіцьця ўзаемаадносін паміж дзяржаўнымі органамі і грамадзянскай супольнасьцю. Гэты крок сьведчыў бы пра тое, што мы, жыхары Беларусі, здольныя весьці дыялёг па розных пытаньнях. У тым ліку і па пытаньнях нашай вельмі балючай і няпростай гісторыі», — патлумачыла Свабодзе сваю ініцыятыву Алена Анісім.

Дэпутатка кажа, што яна бачыць за адным сталом дзяржаўных чыноўнікаў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, грамадзянскую супольнасьць, найперш з грамадзянскай ініцыятывы «Экспэрты — у абарону Курапат», якія «маюць канцэптуальнае бачаньне таго, што і як мае быць»,

«Такую важную справу трэба рабіць разам. З ужываньнем бюджэтных сродкаў. Нельга, каб яны пайшлі на невядома што» — лічыць Алена Анісім.

Паводле дзейнага заканадаўства адказ дэпутату дзяржаўныя органы мусяць даць цягам двух тыдняў.

11 чэрвеня падчас паседжаньня групы ў справе стварэньня памятнага знаку «прымірэньня і смутку» ў Курапатах улады прадставілі абмежаванаму колу дзяржаўных мэдыя тры «найбольш удалыя эскізы», адабраныя па выніках конкурсу Міністэрства культуры. Экспэрты паставіліся да іх скептычна.

svaboda.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт