Прэзыдэнт Нямеччыны прыме ўдзел у канфэрэнцыі ў Менску
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
14.06.2018 11:07
Канфэрэнцыя „Памятаць дзеля агульнай эўрапейскай будучыні” пройдзе ў Менску 29-30 чэрвеня.
Photo: pixaby. com/ CC0 Public Domain
Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер прыме ўдзел у канфэрэнцыі „Памятаць дзеля агульнай эўрапейскай будучыні”, якая пройдзе ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў 29-30 чэрвеня.
Згодна з паведамленьнем цэнтра, мерапрыемства прымеркаванае да афіцыйнага адкрыцьця другой часткі мэмарыяльнага комплексу „Трасьцянец” ва ўрочышчы Благаўшчына. У цэнтры ўвагі мерапрыемства будзе знаходзіцца пытаньне аб ролі моладзі, мясцовых ініцыятыў, цэркваў і рэлігійных аб'яднаньняў у далейшым разьвіцьці агульнай эўрапейскай культуры памяці.
Канфэрэнцыя зьбярэ больш за 250 удзельнікаў, сярод якіх маладыя гісторыкі й актыўныя ўдзельнікі працы па захаваньні памяці з Аўстрыі, Беларусі, Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Украіны й Чэхіі.
Адным з цэнтральных элемэнтаў праграмы 29 чэрвеня будзе зьяўляцца дыскусія па пытаньнях агульнаэўрапейскай культуры памяці паміж маладымі гісторыкамі з Нямеччыны, Расеі, Беларусі і Ўкраіны, а таксама Штайнмаерам. Чакаецца, што ў склад прэзыдэнцкай дэлегацыі будуць уваходзіць прадстаўнікі ўладаў нямецкіх гарадоў, якія падтрымалі будаўніцтва мэмарыяла ў Трасьцянцы, куды з гэтых гарадоў дэпартаваліся ахвяры падчас Другой сусьветнай вайны.
Арганізатарамі канфэрэнцыі зьяўляюцца Менскі міжнародны адукацыйны цэнтар імя Ёханэса Раў і Дортмундзкі міжнародны адукацыйны цэнтар у партнэрстве з Народным саюзам Нямеччыны па доглядзе за ваеннымі магіламі, а таксама пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў ФРГ.
belapan.by/аз