На Берасьцейшчыне адкрыты помнік Тадэвушу Касьцюшку
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
13.05.2018 10:56
Тадэвуш Касьцюшка — нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі.
Тадэвуш КасьцюшкаKarl Gottlieb Schweikart/Wikimedia Commons/CC
12 траўня на тэрыторыі мэмарыяльнага музэя-сядзібы Касьцюшкі каля Косава на Берасьцейшчыне адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка Тадэвушу Касьцюшку.
Збор сродкаў на ўсталяваньне помніка Касьцюшку быў ініцыяваны журналістам Глебам Лабадзенкам. Праект падтрымалі 690 чалавек, якія сабралі больш за 22 тысячы беларускіх рублёў. Імёны ўсіх ахвярадаўцаў будуць захоўвацца ў музэі.
Помнік быў адліты ва Ўкраіне паводле праекту беларускага скульптара Гэніка Лойкі.
Тадэвуш Касьцюшка — нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі, кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1794 году. Нарадзіўся 4 лютага 1746 году, памёр 15 кастрычніка 1817 году. Лічыцца адным з самых вядомых у сьвеце беларусаў.
Помнікі яму стаяць у Варшаве, Кракаве, Лодзі, Бостане, Вашынгтоне, Дэтройце. Усяго па ўсім сьвеце — болей за 200 вялікіх і малых формаў. У ягоны гонар названыя самая высокая гара ў Аўстраліі, востраў на Алясцы, акруга ў штаце Індыяна, політэхнічны ўнівэрсытэт у Кракаве, а таксама шматлікія плошчы, вуліцы, паркі розных краінаў сьвету.
У Беларусі дагэтуль не было помніка Касьцюшку, калі не лічыць бюсты на тэрыторыі амэрыканскай амбасады ў Менску і ў вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе была радавая сядзіба.
Радыё Свабода/нг