У Адміністрацыі прэзыдэнта патлумачылі,чаму Качанава сустрэлася з галадаючымі маці
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
04.05.2018 15:21
Чыноўнік: Ні галадоўкі, ні якія-небудзь іншыя акцыі не ўплывалі на рашэньне аб размове з прадстаўнікамі «Руху маці 328».
president.gov.by
Начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўленьня Адміністрацыі Прэзыдэнта Аляксандр Ільясевіч распавёў «Советской Белоруссии», чаму адбылася сустрэча Натальлі Качанавай з галадаючымі жанчынамі, чые дзеці асуджаныя за наркотыкі.
Нагадаем, жанчыны аб’явілі галадоўку 27 красавіка. 2 мая жанчын запрасілі ў Адміністрацыю прэзыдэнта на сустрэчу з Натальляй Качанавай.
«Я б хацеў адразу перасьцерагчы ад няправільнага разуменьня перадумоў да гэтай сустрэчы. Ні галадоўкі, ні якія-небудзь іншыя акцыі не ўплывалі на рашэньне аб размове кіраўніка Адміністрацыі з прадстаўнікамі «Руху маці 328». Сустрэча – толькі працяг пасьлядоўнай і плянамернай работы па ўдасканаленьні антынаркатычнага заканадаўства ў краіне, якая праводзіцца па даручэньні кіраўніка дзяржавы. (...) Дзяржава апэратыўна рэагуе на грамадзкія запыты, каб сумесна з людзьмі скарэктаваць працу па супрацьдзеяньні наркаманіі», – паведаміў Ільясевіч.
Ён прысутнічаў на сустрэчы 2 мая. Размова была вельмі няпростай і эмацыйнай, прызнаў чыноўнік. Ільясевіч таксама пацьвердзіў, што прысьпеў час пераглядзець антынаркатычнае заканадаўства.
sb.by/nn.by/яс