Logo Polskiego Radia
Print

Беларуская АЭС у Астраўцы не пагражае Вільні

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 04.05.2018 15:03
  • Astapienia.mp3
Што ж непакоіць Літву і як ёй памірыцца зь Беларусьсю, тлумачыць Рыгор Астапеня, аналітык Цэнтру Астрагорскага.
Фота pixabay.com.Фота pixabay.com.Photo:CC0 Public Domain/pixabay.com

У 2013 годзе Беларусь пачала будаўніцтва атамнай электрастанцыі пад Астраўцом, на самай граніцы зь Літвой. З таго часу адносіны паміж дзяржавамі значна пагоршыліся. Даўняя спрэчка пра бясьпеку АЭС і пагрозу, якую яна можа ўяўляць, не сьціхае.

Тым ня менш, афіцыйным Менску і Вільні пара прыйсьці да згоды. Для гэтага ёсць усе падставы, мяркуе Рыгор Астапеня, асацыіраваны аналітык Цэнтру Астрагорскага.

Экспэрт падрыхтаваў аналітычны дакумэнт «Адносіны паміж Беларусьсю і Літвой: агульныя інтарэсы і рознагалосьсі па АЭС», у якім зьмешчаны аналіз адносін дзьвюх краін.

Рыгор
Рыгор Астапеня, асацыіраваны аналітык Цэнтру Астрагорскага. Фота Ostrogorski.org.

Спадар Рыгор, у сваім дакладзе Вы пішаце пра тое, што, на думку літоўскай палітычнай эліты, ідэя будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы належыць Крамлю. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасьці?

Рыгор Астапеня: Мы ня маем непасрэдных доказаў таго, што менавіта Крэмль ініцыіраваў будаўніцтва АЭС у Астраўцы. Але ў любым выпадку мы можам сабе ўявіць, што без падтырмкі Расеі гэта было б немагчыма. У гэтай справе сапраўды ёсьць пэўны расейскі інтарэс, бо такім чынам Масква магла б захаваць кантроль над рэгіёнам уздоўж Балтыйскага мора.

Наколькі будаўніцтва АЭС у Астраўцы адпавядае беларускім інтарэсам?

РА: Беларускі бок разьлічвае на тое, што будзе здольны маніпуляваць паміж рознымі пастаўшчыкамі энэргіі з Расеі, сярод якіх “Росатом”, “Газпром”. Пытаньне толькі ў тым, як дакладна будзе працаваць гэта схема. Але сёньня дакладна цяжка сказаць, як.

Але ж ад самой Расеі залежнасьць ня зьнізіцца?

РА: Усё залежыць ад таго, як беларускі ўлады змогуць выкарыстоўваць патэнцыял АЭС. Па вялікім рахунку, калі беларускі бок будзе нездаволены супрацоўніцтвам з “Росатомом”, то ў яго будзе магчымасьць для выбару іншых партнэраў.

Як Вы ацэньваеце праблему бясьпекі на Беларускай АЭС? Бо літоўскі бок заяўляе, што такія праблемы існуюць.

РА: Падчас будаўніцтва такіх аб’ектаў заўсёды здараюцца нейкія аварыі, зьяўляюцца розныя праблемы. Але пакуль што мы ня маем прычын гаварыць пра тое, што нешта ідзе дрэнна. Пытаньне будаўніцтва АЭС моцна палітызуецца ў Літве, асабліва падчас перадвыбарчых кампаній. Тады многія літоўскія палітыкі кажуць, нібы Беларусь стварае ядзерную бомбу, зброю, якая будзе накіравана супраць Літвы. Ужо ідзе канкурэнцыя паміж літоўскімі палітыкамі: хто горш выкажацца пра Беларускую АЭС. Таму палітызацыя тут вельмі моцная. Калі ў Літве адбываўся рэфэрэндум пра ўласную АЭС, то тады большасьць выказалася супраць яе будаўніцтва. Таму справа ня толькі ў тым, што літоўцам не падабаецца Беларускя АЭС: яны не хацелі б будаўніцтва АЭС нават у сваёй краіне.

У Літве існуе ў прынцыпе нэгатыўнае стаўленьне да будаўніцтва любой АЭС — ці то ў Літве, ці то ў Беларусі, ці то дзесьці побач?

РА: Такое стаўленьне існуе ўнутры літоўкага грамадзтва. Аднак калі спытаць у палітычных эліт, то ўсе яны ахвотна пабудавалі б атамную электрастанцыю, бо гэта зьнізіла б іх залежнасьць ад Расеі.

Можна ўспомніць, што Расея актыўна дапагамае будаваць АЭС у Фінлядыі. Ці Расея ўплывае такім чынам на палітыку Фінляндыі?

РА: У Фінляндыі свая мадэдь адносін з Расеяй. І пэўны ўплыў Расеі ў гэтай краіне фінамі лічыцца нармальным. Можна таксама згадаць пра Вугоршчыну, дзе “Росатом” таксама будуе атамную электрастанцыю. Па вялікім рахунку, гэта энэргетычныя праекты. Ніхто ня кажа, як страшна, што ў Вугоршчыне будуецца АЭС. Ніхто ў гэтым праблемы ня бачыць. Скарэй праблема Літвы ў тым, што яна вельмі эмацыйна ўспрымае сытуацыю.

У чым можа быць крыніца выхаду з гэтай сытуацыі і паляпшэньня беларуска-літоўскіх адносін?

РА: Бакі павінны стварыць мэханізм маніторынгу за дзейнасьцю Беларускай АЭС. Я ня думаю, што гэта павінен быць беларуска-літоўскі мэханізм, а скарэй беларуска-эўрапейскі, які дазволіў бы ўсім краінам Эўразьвязу ўдзельнічаць у маніторынгу дзейнасьці Беларускай АЭС. ЭЗ сам бы за гэта заплаціў, і гэта толькі павялічыла б эфэктыўнасьць працы АЭС і яе бясьпеку.

Беларускі бок, мабыць, больш за іншых павінен быць зацікаўлены ў бясьпецы АЭС?

РА: Так, безумоўна. Калі паглядзець на той праект будаўніцтва Беларускай АЭС, які цяпер ажыцьцяўляецца, то ён абсалютна бясьпечны. Ён улічвае ўсе патрабаваньні бясьпекі. Ён ня вытрымае бадай толькі падзеньня пасажырскага самалёта. Але гэта ўжо больш фантастычны сцэнарый.

Але калі мы ўспомнім трагічныя падзеі 11 верасьня 2001 году ў ЗША, то такое падзеньне таксама можа адбыцца?

РА: Так, таму беларускія вайскоўцы маюць там сыстэму супрацьпаветранай абароны, якая пабудавана каля дзяржаўнай граніцы зь Літвой і ахоўвае ад несанкцыянаваных палётаў у раёне АЭС. Я думаю, што беларускія ўлады аб’явяць тэрыторыю вакол АЭС зонай, дзе ўвогуле забаронены палёты. Але і цяпер самалёты там не лятаюць.

Гутарыў Віктар Корбут.

Слухайце, калі ласка, далучаны файл.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт