Logo Polskiego Radia
Print

Большасьць затрыманых журналістаў і актывістаў адпусьцілі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 25.03.2018 20:17
Перад пачаткам забароненага шэсьця былі затрыманыя карэспандэнты «Белсата».
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакPhoto:Piratenmensch/flickr.com/Commercial use allowed

Пры асьвятленьні сьвяткаваньня 100-годдзя БНР было затрымана і пасьля адпушчана сем карэспандэнтаў, паведаміла прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў. Прыкладна ў 10.30 машыну журналістаў-фрылянсараў Вольгі Чайчыц і Андрэя Козела затрымалі супрацоўнікі ДАІ, але пасьля праверкі дакумэнтаў адпусьцілі. Журналісты мяркуюць, што іх спынялі мэтанакіравана, бо ў інспэктара ДАІ быў напісаны нумар машыны. Літаральна празь некалькі хвілінаў супрацоўнікі ДАІ зноў спынілі машыну Чайчыц і Козела. Козела забралі ў псыханэўралягічны дыспансэр у Сеньніцы. Там журналіста праверылі на ўтрыманьне алькаголю ў крыві і адпусьцілі. Чайчыц таксама адпусьцілі.

На плошчы Я.Коласа перад пачаткам забароненага шэсьця былі затрыманыя карэспандэнты «Белсата» Кацярына Андрэева і Сяргей Кавалёў. «Белсат» плянаваў весьці прамую трансьляцыю з акцыі. Андрэеву і Кавалёва пасадзілі ў сіні мікрааўтобус і павезьлі, падчас паездкі журналісты вялі стрым. Праз некалькі хвілінаў іх перасадзілі ў аўтазак.

У 12.10 стала вядома аб затрыманьні ў раёне плошчы Я.Коласа журналістаў Станіслава Івашкевіча, Ігара Ільяша і Любові Лунёвай. Каля 14 гадзін затрымалі журналістку-фрылянсара Тацьцяну Смоткіну з Глыбокага (Віцебская вобласьць). «Сяджу ў Лепельскім РАУС. Спынілі, таму што ехалі з бел-чырвона-белым сьцягам у машыне. Апытвалі хлопцаў. Сказалі, што перавысілі хуткасьць, ехалі з вялікай хуткасьцю. Інкрымінуюць хуткасьць у 120 км/гадз, гавораць ужо аб пазбаўленьні правоў», – напісала Смоткіна на сваёй старонцы ў Facebook. На Смоткіну і яе спадарожнікаў склалі пратакол апытаньня.
Беларуская асацыяцыя журналістаў паведаміла пра вызваленьне журналісткі Адар'і Гуштын. У міліцыі яна правяла дзьве гадзіны, адпушчаная без складаньня пратакола.

Сайт ПЦ «Вясна» паведаміў пра вызваленьне Ганны Саханковай – адной з групы затрыманых на плошчы Я.Коласа назіральнікаў. Саханкову адпусьцілі без складаньня пратакола. Ва УУС Савецкага раёна на назіральнікаў Максіма Кавалёва, Насту Лойку, Андрэя Крэчку і Тацяну Мастыкіну склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул 23.34 КоАП), на Мастыкіну дадаткова – за непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы (арт. 23.4 КоАП). Паводле сьцьвярджэньня Саханковай, падчас фатаграфаваньня міліцыянты трымалі Мастыкіну за валасы. У 19.15 Крэчку адпусьцілі. Разгляд яго справы адбудзецца 26 сакавіка ў 12 гадзін. Вызваленыя таксама Лойка, Кавалёў і Мастыкіна. Паводле ўдакладненых даных, назіральніка Дзьмітрыя Салаўёва не затрымлівалі.

БелаПАН/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт