Лукашэнка запатрабаваў урэгуляваць рознагалосьсі з Расеяй у памежнай сфэры
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
11.01.2018 16:09
Лукашэнка не задаволены рэакцыяй Расеі на беларускі «бязьвіз» для іншаземцаў.
Foto: Wikipedia Commons/CC-BY-SA 3.0
Аляксандар Лукашэнка паставіў ураду задачу на працягу 2018 году ўрэгуляваць рознагалосьсі з расейскім бокам у памежнай сфэры. Пра гэта ён заявіў на нарадзе аб лібэралізацыі візавага рэжыму, паведамляе прэс-служба прэзыдэнта Беларусі.
Лукашэнка адзначыў, што дзеяньні Беларусі ў частцы лібэралізацыі візавага рэжыму для замежнікаў выклікаюць насьцярожанасьць Расеі.
«Зь лютага 2016 году беларуска-расейская мяжа набыла негалосны статус, як яе часта называюць у інтэрнэце і паўсюль, „найдзіўнейшай мяжы ў Эўропе“. З гэтага часу расейскі бок без афіцыйнага паведамленьня пачаў ажыцьцяўляць паўнавартасны пашпартны кантроль усіх асобаў, якія едуць на аўтамабільным транспарце, а потым — на авія- і чыгуначным», — сказаў Лукашэнка.
Ён заявіў, што ўраду, МЗС і іншым ведамствам неабходна вырашаць гэтае пытаньне, «ня сьпіхваючы яго на кіраўніка дзяржавы».
«Гэта не нармальна, калі паміж дзьвюма братнімі дзяржавамі і народамі зноў аднаўляецца мяжа, якую мы з такой цяжкасьцю здымалі больш за 20 гадоў таму. Ня ведаю, каму гэта трэба», — сказаў Лукашэнка.
Расейскі бок зыходзіць нібыта зь меркаваньняў бясьпекі, прызнаў Лукашэнка:
«Але пра якую бясьпеку можа быць гаворка, калі ў нас сумесныя сьпісы іншаземцаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы. Ніхто ня можа ўехаць, хто знаходзіцца ў гэтых сьпісах».
«Паралельна трэба вырашаць і пытаньні рэадмісіі, бо нелегалы едуць да нас у асноўным праз Расею — пра гэта сьведчыць статыстыка», — сказаў ён.
svaboda.org/яс