Logo Polskiego Radia
Print

Замежных турыстаў без віз абавяжуць купляць беларускія туры

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 29.12.2017 15:44
Такім чынам улады даюць нацыянальным апэратарам крыху зарабіць на замежных турыстах.
Фото: Shutterstock.com

Урад зацьвердзіў парадак бязьвізавага ўезду ў турыстычныя зоны «Брэст» і «Аўгустоўскі канал» на 10-дзённы тэрмін. Раней рэжым бязьвізавага ўезду для грамадзянаў 77 краінаў увялі для Брэста, Гродна і асобных раёнаў вакол іх.

Згодна з палажэньнем, замежным турыстам трэба мець пры сабе пашпарт або дакумэнт, што яго замяняе, а таксама дакумэнт на права наведваньня «бязьвізавых» зонаў. Каб атрымаць такі дакумэнт, неабходна замовіць тур ад кампаніі, сэртыфікаванай у Беларусі. Гэта азначае, што так званых турыстаў-«дзікуноў» праз мяжу не прапусьцяць.

У дакумэнце на права наведваньня агаворваецца дакладны тэрмін знаходжаньня турыста ў Беларусі. Пры гэтым у турапэратара можна дакупіць турпаслугі на «дадатковыя» дні (агулам ня больш за 10 дзён).

Калі турыст затрымаецца праз надзвычайныя абставіны (напрыклад, хваробу ці аварыю), ён ці яго прадстаўнік мусіць зьвярнуцца ў бліжэйшы орган унутраных спраў і папрасіць працягнуць тэрмін перабываньня ў Беларусі. У выпадку страты дакумэнта турыст можа зьвярнуцца па копію да турапэратара.

Раней турысты мусілі такім жа чынам замаўляць туры ў турапэратараў для «бязьвізу» ў Гродне і ў зоне «Аўгустоўскі канал». А вось у Белавескую пушчу яны маглі трапіць без пасярэднікаў, проста замовіўшы паслугі ў адміністрацыі Нацыянальнага парку.

Праз Нацыянальны аэрапорт «Мінск» на пяць дзён па-ранейшаму можна прылятаць без замаўленьня турпаслуг.

Галоўны рэдактар парталу «Турызм і адпачынак» Лілія Кобзік адзначае, што прынамсі ў Гродне турпаслугі трэба замаўляць менавіта ў беларускіх фірмаў. Каштуе гэта 5-10 даляраў. На думку экспэрта, такім чынам улады даюць нацыянальным апэратарам крыху зарабіць на замежных турыстах і рэгулююць турыстычныя плыні.

euroradio.fm/svaboda.org/zc

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт