Ігар Марзалюк: У Беларусі трэба стварыць інстытут нацыянальнай памяці
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Valery Sauko
                        
                        13.12.2017 16:42
                    
                                 
                
                
                    Дэпутат падкрэсьліў, што вывучэньне айчыннай гісторыі зьяўляецца «адным з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі».
                
                
                    
                         Ігар Марзалюк. Фота: Інфармагенцтва БелаПАНnaviny.by
Ігар Марзалюк. Фота: Інфармагенцтва БелаПАНnaviny.by
                     
                
                
                
               
                
                         У Беларусі трэба стварыць інстытут нацыянальнай памяці. Такое меркаваньне на пленарным пасяджэньні II зьезда навукоўцаў Беларусі 13 сьнежня ў Менску выказаў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры й навуцы гісторык Ігар Марзалюк.
Паводле яго слоў, інстытут нацыянальнай памяці можа стаць экспэртным цэнтрам каардынацыі, які «дазволіць выразна й дакладна вызначыць нашы прыярытэты й аб’ектыўны вобраз нашага мінулага, пастаянна адсочваць гістарычную памяць нашых суседзяў і апанэнтаў, апэратыўна рэагаваць на спробы фальсыфікацыі й скажэньня гісторыі Беларусі».
Дэпутат падкрэсьліў, што вывучэньне айчыннай гісторыі зьяўляецца «адным з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі», бо разам зь літаратурай гісторыя «фармуе асобу».
«Я заўсёды выступаў супраць забароненых тэм у гісторыі, бо забарона заўсёды і ўсюды была й застаецца найлепшай рэклямай, а хлусьні можна супрацьстаяць толькі праўдай», – сказаў Марзалюк.
«У сувязі з гэтым мы павінны ў самыя кароткія тэрміны выпрацаваць сваю праўдзівую навуковую канцэпцыю нацыянальнай гісторыі, зразумець і прыняць усё гераічнае й трагічнае, што адбывалася ў нашай краіне, навучыцца слухаць і чуць адзін аднаго й не забываць галоўнае: радыкальная палітызацыя гістарычнага мінулага багатая сур’ёзнымі сацыяльнымі катаклізмамі», – сказаў дэпутат.
Ён прапанаваў прыцягнуць найлепшых дасьледчыкаў гісторыі краіны й правесьці кангрэс беларускіх гісторыкаў.
белапан/вс