«Крамбамбуля» на канцэрце ўручыць уласныя мэдалі
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
07.12.2017 16:42
Намінаваць сябе або блізкага чалавека на ордэн або мэдаль можа кожны беларус.
naviny.by
Гурт «Крамбамбуля» падчас сьвяточнага канцэрту «Партызаны каляднага лесу» будзе раздаваць сваім прыхільнікам спэцыяльныя ордэны й мэдалі.
Узнагароджаньне пройдзе 21 сьнежня падчас канцэрту гурту ў зале Prime Hall у Менску – паведамляе інфармагенцтва БелаПАН.
Намінаваць сябе або блізкага чалавека на ордэн або мэдаль можа кожны беларус. Усяго прадстаўлена пяць узнагародаў: «Ордэн Зялёнага дуба», «Ордэн Дзеда Талаша», «Ордэн Міколкі Паравоза», мэдаль «За калядны настрой», мэдаль «За нашу й вашу свабоду».
«Ідэя ў тым, каб узнагародзіць людзей па выніках года за нейкія простыя чалавечыя дасягненьні на асабістым, сямейным або працоўным узроўні. За тое, пра што не напішуць у СМІ», – распавёў фронтмэн калектыву Лявон Вольскі, які зьяўляецца дызайнэрам узнагародаў.
Каб намінаваць сябе ці кагосьці іншага на ўзнагароду «Крамбамбулі», дастаткова апублікаваць фота кандыдата ў сацыяльных сетках (Facebook, VK, Instagram, Twitter), а да фота далучыць пераканаўчую гісторыю дасягненьняў за год, абавязкова дадаўшы хэштэг #krambambula2112, каб можна было адсачыць і сабраць усіх намінантаў.
Апошні дзень вылучэньня намінантаў – 17 сьнежня. Пяць пераможцаў абяруць удзельнікі групы. Кожны зь іх атрымае па два запрашэньні на канцэрт і будзе ўрачыста ўзнагароджаны ордэнамі і мэдалямі групы «Крамбамбуля» на сцэне.
http://naviny.by