Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь заняла 39-е месца ў сусьветным індэксе кібэрбясьпекі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 04.11.2017 12:11
Акрамя Беларусі ў чацьвёртым дзясятку рэйтынгу апынуліся, між іншым, Аўстрыя, Італія, Кітай, Польшча, Данія, Чэхія іг.д.
pixabay.com/Public Domain CC0

Беларусь заняла 39-е месца ў сьвеце паводле індэксу кібэрбясьпекі за 2017 год. Справаздача „Глябальны індэкс кібэрбясьпекі” (The Global Cybersecurity Index, GIC) апублікаваная на сайце Міжнароднага тэлекамунікацыйнага саюзу. Усяго ў ёй згаданыя 193 краіны.

Узначальвае рэйтынг Сынгапур, за ім ідуць ЗША й Малайзія. З эўрапейскіх дзяржаваў самай абароненай ад кібэратак лічыцца Эстонія (займае 5-е месца ў рэйтынгу).

Беларусь паводле індэксу кібэрбясьпекі саступіла Грузіі (8-е месца), Расеі (10-е месца), але выявілася больш кібэрбясьпечнай, чым Азэрбайджан (48-е месца), Украіна (58-е месца), Малдова (72-е месца), Казахстан (82-е месца).

У справаздачы адзначаныя намаганьні Беларусі па навучаньні дзяцей бясьпечнаму сэрфінгу ў інтэрнэце.

Акрамя Беларусі ў чацьвёртым дзясятку рэйтынгу апынуліся таксама Аўстрыя, Італія, Кітай, Польшча, Данія, Чэхія, Руанда, Люксэмбург, Філіпіны, Бразылія і Туніс.

Найгоршыя індэксы кібэрбясьпекі — у Емэну, Цэнтральнай Афрыканскай Рэспублікі й Экватарыяльнай Гвінэі.

У сучасным лічбавым сьвеце кібэрзлачыннасьць зьяўляецца ключавой пагрозай росту эканомікі. Пытаньні інфармацыйнай бясьпекі й кіраваньня інфраструктурай інтэрнэту рэгулярна абмяркоўваюцца ў ААН, на самітах „Вялікай дваццаткі”, на сустрэчах міністраў тэлекамунікацый і інфармацыйных тэхналёгіяў краінаў БРІКС.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт