МЗС Беларусі дапамагло вырашыць канфлікт вакол помніка Касьцюшку
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
18.10.2017 08:15
17 кастрычніка ў Залатурне, дзе памёр нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША, усталявалі помнік і шыльду зь беларускім надпісам.
Tadeusz Kościuszko. Photo: Wikimedia Commons
«Без дапамогі грамадзкіх арганізацыяў, фізычных асобаў, іх лістоў і скаргаў гэта было б немагчыма. А пасьля таго, як пра скандал пачалі шырока пісаць СМІ, умяшаўся і МЗС Беларусі» — распавёў старшыня Аб’яднаньня беларусаў Швайцарыі Аляксандар Сапега.
Разам з помнікам замацаваная шыльда з надпісам «Тадэвуш Касьцюшка. 1746—1817. Ад Беларускага аб’яднаньня ў Швайцарыі. 2017 год» па-беларуску і нямецку. Гэты тэкст стаў вынікам кампрамісу пасьля канфлікту швайцарскіх беларусаў з польскім паслом Якубам Кумахам.
Польскаму дыплямату не спадабаўся тэкст на шыльдзе: «Сыну Беларусі ад удзячных суайчыньньнікаў». Ён таксама прапанаваў адмовіцца ад беларускай мовы і пакінуць толькі нямецкамоўны надпіс «Тадэвуш Касьцюшка. 1746—1817».
Паводле Аляксандра Сапегі, вырашыць канфліктнае пытаньне дапамог кіраўнік беларускай дыпляматычнай місіі ў Швайцарыі Павал Мацукевіч. Яшчэ да таго, як беларуская суполка агучыла прэтэнзіі польскага боку публічна, беларускі дыплямат раіў сустрэцца з мэрам Залатурну Куртам Флюры і вырашаць пытаньне зь ім.
«Часовы павераны сустрэўся з мэрам і распавёў, чаму беларусы маюць лягічнае права пісаць на шыльдзе «Сыну Беларусі ад удзячных суайчыньнікаў». Але мэр адразу, яшчэ перад сустрэчай, напісаў, што «Сына Беларусі» ў якасьці кампрамісу быць ня можа», — кажа Аляксандар Сапега.
Беларусы настойвалі, што на шыльдзе абавязкова мае быць згаданы фундатар помніка, а сам тэкст прадубляваны па-беларуску. У назьве арганізацыі-фундатара павінна пісацца Belarussische, а не Weissrussische.
Таксама, дзякуючы Пасольству Беларусі ў Бэрне быў знойдзейны спонсар, які кампэнсаваў Аб’яднаньню беларусаў Швайцарыі траціну выдаткаў. Агулам на выраб і ўсталяваньне помніка выдадзена ня менш за 7 тысяч эўра.
Урачыстае адкрыцьцё помніка ў Залатурне адбудзецца 21 кастрычніка. У цырымоніі, апрача прадстаўнікоў беларускай дыяспары, жыхароў Залатурну, прымуць удзел амбсадарка Летувы і кіраўнік беларускай дыпмісіі ў Бэрне.
nn.by/яс