Беларускі фільм узнагародзілі ў Вэнэцыі
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
11.09.2017 10:02
Беларускі фільм «Ідзі і глядзі», паводле сцэнара Алеся Адамовіча, атрымаў узнагароду ў намінацыі «Вэнэцыянская клясыка».
Кадр фільму "Ідзі і глядзі"Screen YouTube
На 74-м Вэнэцыянскім кінафэстывалі была ўзнагароджаная двухсэрыйная кінастужка Элема Клімава «Ідзі і глядзі», зьнятая паводле сцэнара Алеся Адамовіча ў 1985 годзе. Фільм атрымаў узнагароду ў намінацыі «Вэнэцыянская клясыка».
Стужку здымалі сумесна «Беларусьфільм» і «Масфільм». У ёй распавядаецца пра беларускага падлетка, які падчас вайны стаў сьведкам карных апэрацый нацыстаў.
У Савецкім Саюзе кінастужка ў 1986 годзе была прызнаная найлепшай кінакарцінай года і атрымала Дзяржаўную прэмію СССР.
На Вэнэцыянскі кінафэст карціну Клімава і Адамовіча прывезьлі адрэстаўраванай. Рэстаўрацыяй чатыры месяцы займаліся на «Масфільме». Канкурэнтамі «Ідзі і глядзі» ў рубрыцы «Кінаклясыка» былі фільмы Стывена Спілбэрга, Мікеланджэла Антаніёні і Бярнарда Бэрталучы.
Галоўны прыз Вэнэцыянскага фэстывалю сёлета атрымала стужка «Форма вады» рэжысэра Гільерма дэль Тора.
euroradio.fm/яс