Эколягі пачалі збор подпісаў супраць воднага шляху Е40
PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski
08.08.2017 16:45
Актывісты зь Беларусі, Польшчы ды Ўкраіны занепакоеныя плянамі зьмяніць гідралягічны рэжым рэкаў, што пагражае зьнішчэньнем сталых экасыстэмаў.
pixabay.com/Public Domain CC0
Эколягі зь Беларусі, Польшчы ды Ўкраіны пачалі збор подпісаў супраць будаўніцтва воднага шляху Е40. Ён, нагадаем, павінен злучыць Балтыйскае мора з Чорным. Сумесная пэтыцыя аб’яднала каля 20-ці арганізацыяў.
Актывісты занепакоеныя плянамі зьмяніць гідралягічны рэжым Віслы, Мухаўца, Піны, Прыпяці, Дняпра ды Дняпроўска-Бускага каналу, што, паводле спэцыялістаў, пагражае зьнішчэньнем сталых экасыстэмаў. Эколягі сьцьвярджаюць, што праект небясьпечны для больш як сямідзесяці асабліва ахоўных прыродных тэрыторыяў, дзе сустракаюцца рэдкія віды жывёл і расьлінаў.
Небясьпеку бачаць таксама ў тым, што шлях Е40 мусіць праходзіць праз чарнобыльскую зону. Паглыбленьне дна Прыпяці ды інтэнсіўны рух па ёй пагражаюць пад’ёмам радыеактыўнага глею, які можа трапіць па цячэньні ў Кіеўскае вадасховішча, што забясьпечвае пітной вадой мільёны ўкраінцаў.
БелаПАН/св
фота мае ілюстрацыйны характар