Помнік Францішку Скарыне ў Кішынёве будзе ўстаноўлены ў лістападзе
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
25.07.2017 14:20
Скульптура вышынёй амаль 1 м будзе ўстаноўлена на пастамэнце, які выканаюць у Кішынёве.
Так будзе выглядаць помнік Францішку Скарыне ў Кішынёвефота: БелТА
Помнік Францішку Скарыне ў Кішынёве будзе ўстаноўлены ў лістападзе бягучага года, паведамілі карэспандэнту БелТА ў Міністэрстве культуры Беларусі.
На конкурс эскізных праектаў помніка Францішку Скарыне ў малдаўскай сталіцы Кішынёве, які праводзіла Міністэрства культуры, было пададзена дзевяць заявак. Прафэсійнае журы пераможцам конкурсу назвала работу скульптара Генадзя Лойкі.
Рэспубліканскі мастацка-экспэртны савет па манумэнтальным і манумэнтальна-дэкаратыўным мастацтве на пасяджэньні адобрыў мадэль бюста, вырабленую ў мяккім матэрыяле. Скульптар працуе ўжо над мадэльлю ў натуральную велічыню, помнік адальюць на Скульптурным камбінаце Беларускага саюза мастакоў.
Скульптура вышынёй амаль 1 м будзе ўстаноўлена на пастамэнце, які выканаюць у Кішынёве. Агульная вышыня помніка складзе крыху больш за 2,5 м.
Як раней паведамлялася, урад Малдовы адобрыў рашэньне аб устаноўцы ў Кішынёве помніка беларускаму першадрукару Францішку Скарыне. Устанаўленьне помніка прымеркавана да 500-годзьдзя выданьня першай кнігі на беларускай мове, што адзначаецца ў гэтым годзе.
Расходы на распрацоўку праектнай дакумэнтацыі для помніка, выкананьне работ і ўстаноўку пастамэнта й бюста, а таксама добраўпарадкаваньне прылеглай тэрыторыі будуць пакрыты за кошт фінансавых сродкаў Беларусі й спонсарскай дапамогі.
вс